MAP

Пілігрымы на Плошчы Святога Пятра Пілігрымы на Плошчы Святога Пятра  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Юбілейны Святы Год у Рыме ўжо сабраў 24 мільёна пілігрымаў

Рым перажывае неверагодны наплыў вернікаў у рамках Юбілейнага года. Ужо каля 24 мільёнаў пілігрымаў ужо наведалі Вечны горад, а агульная колькасць наведвальнікаў да завяршэння Юбілею можа дасягнуць 30 мільёнаў чалавек.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта найбуйнейшая каталіцкая паломніцкая падзея пачалася ў Вігілію Божага Нараджэння 2024 года, калі Папа Францішак урачыста адкрыў Юбілейны год, а закрые яго Рапа Леў XIV 6 студзеня 2026 года. Асаблівае значэнне для вернікаў мае пераход праз Святую Браму, якая адкрываецца толькі падчас Святога года.

Вернікі, якія здзяйсняюць пілігрымку ў Рым і праходзяць праз Святую Браму з малітвай пасля споведзі, могуць атрымаць поўны адпуст. Традыцыя ўключае наведванне чатырох папскіх базілік: Святога Пятра, Латэранскай, Санта-Марыя-Маджорэ і Святога Паўла па-за Мурамі. У кожнай з іх адчынена Святая Брама.

Цяперашні Юбілейны год праходзіць пад дэвізам "Пілігрымы надзеі". На працягу гэтага перыяду Ватыкан арганізуе шматлікія адмысловыя мерапрыемствы для розных мэтавых груп. Найбуйнейшай да гэтага часу стаў Юбілей Моладзі, у якім на пачатку жніўня прынялі ўдзел больш за мільён чалавек.

Традыцыя правядзення Святога года мае глыбокія гістарычныя карані ў каталіцкай традыцыі і застаецца адной з найважнейшых духоўных падзей для вернікаў з усяго свету. Асаблівасцю цяперашняга Юбілею з'яўляецца той факт, што яго адкрыў адзін Папа, а закрые ўжо іншы, што падкрэслівае пераемнасць касцельнай традыцыі і еднасць вернікаў у веры.
 

04 верасня 2025, 09:37