Святы Пасад у ААН: моладзь здольна змяніць свет праз дыялог
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"У жніўні мільён маладых людзей сабраліся ў Рыме на Юбілей Моладзі, дэманструючы пераўтваральную сілу братэрства і сяброўства," - адзначыў арцыбіскуп Габрыэле Кача ў Нью-Ёрку 2 верасня 2025 года.
Цытуючы Папу Льва XIV, дыпламат падкрэсліў, што каштоўнасці братэрства "могуць стварыць такі свет, дзе канфлікты вырашаюцца не зброяй, а дыялогам".
Арцыбіскуп выказаў занепакоенасць лёсам маладых людзей, якія сутыкаюцца з наступствамі ўзброеных канфліктаў і перамяшчэння, што пазбаўляюць іх будучыні. Аднак пры належнай падтрымцы моладзь здольная развіваць "грамадскае сяброўства", абіраючы дыялог замест канфрантацыі.
Прадстаўнік Святога Пасада адзначыў важнасць артыкулаў Дэкларацыі аб культуры міру, якія падкрэсліваюць, што "адукацыя на ўсіх узроўнях з'яўляецца адным з асноўных сродкаў пабудовы культуры міру", а "ключавая роля ў садзейнічанні культуры міру належыць бацькам, настаўнікам, палітыкам, журналістам, рэлігійным арганізацыям".
Завяршаючы прамову, арцыбіскуп Кача нагадаў пра папскае Пасланне на Сусветны дзень міру 2026 года, дзе гучыць запрашэнне да чалавецтва “адмовіцца ад логікі насілля і вайны і прыняць сапраўдны мір, заснаваны на любові і справядлівасці".
Дыпламатычны прадстаўнік Святога Пасада выказаў спадзяванне на тое, што маладыя людзі прымуць гэтае запрашэнне ў сваіх супольнасцях, "абвяшчаючы пасланне сапраўднай надзеі і садзейнічаючы міру сярод усіх народаў", як сказаў Папа Леў XIV падчас прамовы да моладзі Чыкага 14 чэрвеня 2025 года.