MAP

Рэстаўрацыя манускрыпта ў Апостальскай бібліятэцы Рэстаўрацыя манускрыпта ў Апостальскай бібліятэцы 

Азербайджан і Святы Пасад: новы этап адносін – медыцына і архівы

Дэлегацыя Азербайджана падпісала мемарандумы з дзіцячым шпіталем “Bambino Gesù” і ватыканскімі бібліятэкай і архівам па развіцці медыцынскага і навуковага супрацоўніцтва.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У Рыме прадстаўнікі Фонду Гейдара Аліева падпісалі два важныя дакументы, якія пашыраюць супрацоўніцтва Азербайджана з установамі Святога Пасада.

Першы мемарандум падпісалі Анар Алакбараў, асістэнт прэзідэнта Азербайджана і выканаўчы дырэктар Фонду, і Тыцыяна Анэсці, кіраўнік каталіцкага шпіталя “Bambino Gesù”. Дакумент прадугледжвае супрацоўніцтва ў галіне педыятрыі: сумесныя праграмы навучання, даследаванні ў малекулярнай генетыцы і дапамогу ў лячэнні складаных выпадкаў.

Другі мемарандум падпісаны паміж Фондам Гейдара Аліева, Азербайджанскай нацыянальнай акадэміяй навук і ватыканскімі Апостальскай бібліятэкай і Апостальскім архівам. Падпісантамі выступілі Анар Алакбараў і арцыбіскуп Джавані Чэзарэ Пагацы.

Пагадненне тычыцца даследаванняў, дыгіталізацыі і захавання гістарычных матэрыялаў, звязаных з Азербайджанам. Даследчыкі атрымаюць доступ да ўнікальных дакументаў у найстарэйшых архівах свету – Апостальскай бібліятэцы (заснаванай у 1475 годзе) і Апостальскім архіве (дзейнічае з 1612 года).

Прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы выказалі спадзяванне на тое, што ініцыятывы паспрыяюць не толькі практычнаму супрацоўніцтву, але і ўмацаванню міжкультурнага дыялогу паміж Азербайджанам і Святым Пасадам.
 

12 верасня 2025, 09:31