Ватыканскія музеі прадстаўляюць шэдэўр Рафаэля ў Перуджы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пасля двух стагоддзяў адсутнасці ў Перуджу вяртаецца "Каранаванне Дзевы Марыі", заказанае Рафаэлю Санцыё і завершанае яго вучнямі Джуліа Рамана і Джаван Франчэска Пені для касцёла Санта-Марыя-Асунта ў Мантэлучэ.
Выстава "Чаканае вяртанне. Рафаэль для Мантэлучэ з Ватыканскіх музеяў" пройдзе з 24 верасня 2025 года па 7 студзеня 2026 года ў музеі катэдральнага касцёла Святога Лаўрэнція ў Перуджы.
Твор, першапачаткова створаны для старажытнага кляштара кларысак, прыбывае ў горад дзякуючы супрацоўніцтву архідыяцэзіі Перуджы-Чыта-дэлла-П'еве з Ватыканскімі музеямі. Упершыню ён будзе выстаўлены разам з ніжняй часткай алтара (прэдэлай) з выявамі гісторый з жыцця Марыі, намаляванымі Берта дзі Джавані, якую пазычыла Нацыянальная галерэя Умбрыі.
Асаблівая іканаграфія твора, у якой Узнясенне і Каранаванне зліваюцца ў адзіны манументальны момант, прасякнуты хвалой, здзіўленнем і надзеяй, візуальна перадаецца сілай каларыстычнай палітры. Сярод гармоніі і вывераных майстэрскіх кантрастаў праяўляецца вытанчаная якасць майстэрні Рафаэля.
Выстава, рэалізаваная дзякуючы падтрымцы “Фонду Перуджы”, дае выдатную магчымасць аб'яднаць пасля стагоддзяў адсутнасці элементы аднаго з найбольш значных рэнесансных твораў мастацкай гісторыі Перуджы, які ў 1797 годзе быў канфіскаваны напалеонаўскімі войскамі.