MAP

Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: зоркі музыкі і святло дронаў нагадаюць пра братэрства

Сусветнавядомыя выканаўцы Андрэа Бачэлі, Фарэл Уільямс і Джон Леджэнд выступяць на Плошчы Святога Пятра на завяршэнне ІІІ Сусветнай сустрэчы па тэме чалавечага братэрства.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Канферэнцыя пройдзе 12-13 верасня 2025 года ў Рыме. “Мэта ініцыятывы ясная і актуальная: разам разважаць над тым, што значыць быць чалавекам сёння – у эпоху, пазначаную канфліктамі, адзінотай, новымі формамі беднасці, экалагічнымі крызісамі і выклікамі, звязанымі з тэхналагічным прагрэсам. Гэта нагода для дыялогу, абмену досведам і будавання новых шляхоў надзеі і супольнай адказнасці, грунтуючыся на братэрстве”, - гаворыцца ў прэс-рэлізе Базілікі Святога Пятра, галоўнага арганізатара мерапрыемства.

12 верасня ў рамках сустрэчы адбудуцца пятнаццаць круглых сталоў на тэмы сельскай гаспадаркі, экалогіі, адукацыі, палітычнай фармацыі, прадпрымальніцтва, інфармацыі, штучнага інтэлекту, праблем дзяцей, аховы здароўя, працы, спорту, трэцяга сектара і іншых. Дыскусіі будуць праходзіць у сімвалічных месцах Рыма, сярод якіх мэрыя, сядзібы ФАО і ЕС.

Праца, праведзеная ў тэматычных групах, будзе падсумавана падчас “Асамблеі чалавечнасці”, якая 13 верасня адбудзецца ў Палацы сенатараў – рымскай гарадской адміністрацыі на Капіталійскім пагорку. У канферэнцыі возьмуць удзел кардынал Маўра Гамбэці, Папскі вікарый для Дзяржавы Ватыкан і архіпрэзбітэр Базілікі Святога Пятра; Граса Машэл, грамадская актывістка і палітык, удава прэзідэнта Мазамбіка Саморы Машэла і прэзідэнта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Нельсана Мандэлы; Марыя Ангеліта Рэса, філіпінска-амерыканская журналістка і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру.

Кульмінацыйная падзея форума пройдзе ўвечары на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане з удзелам Андрэа Бачэлі, Фарэла Уільямса з госпэл-хорам “Voices of Fire”, Джона Леджэнда і хора Рымскай дыяцэзіі пад кіраўніцтвам ксяндза Марка Фрызіны. Прадстаўленне стане яшчэ больш уражлівым дзякуючы светлавому шоў дронаў, якія створаць у небе выявы, натхнёныя роспісамі Сікстынскай капэлы.
 

28 жніўня 2025, 10:35