MAP

 Пустыня Каракумы ў Туркменістане Пустыня Каракумы ў Туркменістане  (AFP or licensors)

Святы Пасад заклікаў падтрымаць краіны без выхаду да мора

Неабходна ствараць умовы для ўсебаковага развіцця ўсіх народаў, каб яны маглі ўнесці свой уклад у пабудову больш гуманнага свету, - нагадаў на канферэнцыі ў Туркменістане прадстаўнік Святога Пасада.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Дэлегацыю Святога Пасада на трэцяй Міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай праблемам краін без выхаду да мора, якая 6 жніўня 2025 года прайшла ў Авазе (Туркменістан), узначаліў мансіньёр Арно дзю Шэйрон дэ Бамон.

Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў неабходнасць доўгатэрміновай і рэальнай дапамогі дзяржавам без выхаду да мора, якія ідуць па шляху развіцця. Прыняцце ў Авазе Праграмы дзеянняў з'яўляецца важным крокам у гэтым кірунку, аднак яе ажыццяўленне павінна падмацоўвацца канкрэтнай палітычнай воляй.

Краіны, якія не маюць выхаду да мора, хоць і адрозніваюцца сваімі геаграфічнымі, культурнымі і эканамічнымі асаблівасцямі, тым не менш, сутыкаюцца з аднолькавымі “сістэмнымі праблемамі”, такімі як непрымальны даўгавы цяжар, высокія транспартныя выдаткі, уразлівасць да змены клімату, - адзначыў дыпламат.

Самай сур'ёзнай і неадкладнай праблемай застаецца беднасць, асабліва ў сельскіх раёнах, дзе часта бракуе асноўных паслуг і магчымасцяў. Іерарх адзначыў, што беднасць не з’яўляецца непазбежнай, а вынікае з “несправядлівых структур і палітычных рашэнняў”, і таму яе можна і трэба пераадолець.

Дыпламат звярнуў увагу на несправядлівыя ўмовы міжнароднага гандлю і заклікаў будаваць гандаль на прынцыпах справядлівасці, салідарнасці і ўсеагульнага прызначэння дабротаў. Апошні значыць, што "для кожнага чалавека і для ўсіх народаў павінны быць створаны ўмовы, неабходныя для ўсебаковага развіцця, каб кожны мог унесці свой уклад у стварэнне больш гуманнага свету". Ён таксама заклікаў спрыяць навукова-тэхнічнай аўтаноміі краін, якія ідуць па шляху развіцця, шляхам абмену ведамі і тэхналогіямі.

Напрыканцы прамовы прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў, што ў цэнтры кожнай стратэгіі развіцця павінен заставацца чалавек, а гандаль і эканамічны рост – гэта не самамэта, а сродак для ўсебаковага развіцця кожнага чалавека і дасягнення агульнага дабра.
 

09 жніўня 2025, 11:52