MAP

Святы Пасад і Італія падпісалі дамову аб сонечнай электрастанцыі

Святы Пасад і Італія падпісалі пагадненне аб будаўніцтве сонечнай электрастанцыі ў Санта-Марыя-дзі-Галерыя пад Рымам, якая цалкам забяспечыць Ватыкан электраэнергіяй.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падпісанне дамовы адбылося 31 ліпеня 2025 года ў Пасольстве Італіі пры Святым Пасадзе. З ватыканскага боку подпіс паставіў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі; з італьянскага – пасол Франчэска Дзі Ніта.

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што пагадненне складаецца з пяці артыкулаў і ўступіць у сілу пасля таго, як абодва бакі праз дыпламатычныя каналы паведамяць адзін аднаму пра завяршэнне ўнутраных працэдур.

Пагадненне, якое з’яўляецца знакам выдатных адносін паміж Святым Пасадам і Італіяй, абнаўляе існуючыя дамоўленасці паміж бакамі ў святле новых магчымасцяў, што адкрываюцца дзякуючы развіццю навукі і тэхналогій у галіне вытворчасці энергіі з аднаўляльных крыніц. Яно таксама адпавядае абавязацельствам, прынятым у рамках Канвенцыі ААН аб змяненні клімату 1992 года і Парыжскай кліматычнай дамовы 2015 года.

Пагадненне дасць магчымасць пабудаваць на тэрыторыі Санта-Марыя-дзі-Галерыя, якая належыць Святому Пасаду, электрастанцыю, што забяспечыць Ватыкан электраэнергіяй з аднаўляльных крыніц. Пры гэтым будуць выкарыстаныя тэхнічныя рашэнні, якія дазволяць захаваць сельскагаспадарчае прызначэнне тэрыторыі, падтрымаць яе гідрагеалагічны баланс, мінімізаваць уплыў на навакольнае асяроддзе і забяспечыць ахову культурнай, археалагічнай і ландшафтнай спадчыны.
 

01 жніўня 2025, 09:29