Спякота ў Рыме: агульная аўдыенцыя пройдзе ў Зале Паўла VI
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Прэфектура Папскага дома паведаміла, што пасля заканчэння аўдыенцыі Леў XIV накіруецца ў Базіліку Святога Пятра, каб прывітаць пілігрымаў, якім не хопіць месца ў Зале і якія будуць сачыць за сустрэчай дзякуючы трансляцыі на экранах, устаноўленых на Плошчы Святога Пятра і перад Залай Паўла VI.
Пасля абеду Пантыфік адправіцца ў Кастэль-Гандольфа, дзе правядзе некалькі дзён адпачынку ў рэзідэнцыі Віла Барберыні, якая знаходзіцца на тэрыторыі Папскіх віл.
У пятніцу, 15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Леў XIV узначаліць святую Імшу ў мясцовай парафіі святога Тамаша з Вілановы, а потым правядзе малітву “Анёл Панскі” на плошчы перад Апостальскім палацам у Кастэль-Гандольфа.
У нядзелю, 17 жніўня, Леў XIV адправіцца ў санктуарый Санта-Марыя-дэла-Ратонда ў Альбана, дзе ўзначаліць святую Імшу для бедных і супрацоўнікаў дыяцэзіяльнага “Caritas”. Пасля гэтага ён вернецца ў Кастэль-Гандольфа, дзе правядзе малітву “Анёл Панскі”. Затым Пантыфік паабедае з беднымі ў мястэчку “Laudato si’” на тэрыторыі Папскіх віл.