Руфіні журналістам: нагадваць свету пра чалавечыя каштоўнасці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Мы павінны чытаць і расказваць гісторыі з розумам сэрца, з мудрасцю любові, не блытаючы сродкі і мэту, праўду і хлусню, інтуіцыю і разлік. Ад нас патрабуецца заставацца людзьмі і станавіцца такімі ўсё больш і больш”, - заклікаў ватыканскі прэфект у звароце, які быў зачытаны перад больш чым 150 дэлегатамі з 30 краін.
Форум прысвечаны тэме: “Раўнавага паміж тэхналагічных прагрэсам і захаваннем чалавечых каштоўнасцяў у эпоху штучнага інтэлекту”. Спасылаючыся на яе, Паола Руфіні заўважыў, што ў наш час важна задумацца пра тое, як алгарытмы і машыны, якія іх апрацоўваюць, могуць дапамагчы чалавецтву ўзрастаць у праўдзе, ведах, сумленнасці і прыгажосці, а таксама дзяліцца гэтымі каштоўнасцямі.
“Адказ заключаецца ў тым, каб прадухіліць стварэнне алгарытмамі і іх апрацоўшчыкамі сістэмы дамінавання, якая змятае ўсё, ігнаруючы праўду, справядлівасць і прыгажосць; сістэмы, якая перашкаджае выяўленню адказнасці, імітуючы эмоцыі і ў выніку ствараючы сетку, дзе ахвяруецца індывідуальная ўнікальнасць і годнасць”, - напісаў ён.
На думку прэфекта, мы знаходзімся на скрыжаванні: з аднаго боку – “дыктатура машыны, кіруемая таталітарным мысленнем”, з другога – “чалавечая свабода, без якой няма праўды”. Перад абліччам гэтага выкліку ён назваў важным умацаванне патэнцыялу медыяспецыялістаў “выхоўваць сваю разнастайную аўдыторыю” адносна неабходнасці “прасоўваць і захоўваць” чалавечыя каштоўнасці ў свеце, “які знаходзіцца пад моцным уплывам тэхналагічнага прагрэсу, асабліва штучнага інтэлекту”.
Эксперт таксама звярнуў увагу на адказнасць каталіцкіх журналістаў за стварэнне адзінства, сустрэчы і дыялогу, асабліва ў свеце, які ўсё больш занураецца ў спіраль гвалту і вайны. “Больш чым калі-небудзь, свет патрабуе Касцёла, які ўмеў бы быць “у Хрысце як бы сакрамэнтам, або знакам і прыладай унутранага яднання з Богам і еднасці ўсяго чалавецтва”, - падкрэсліў Паола Руфіні.