MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©adrenalinapura - stock.adobe.com) Калонка рэдактара

“Прэвентыўнае” прабачэнне, якога моцна патрабуе свет

Словам Папы пра тое, што без прабачэння ніколі не будзе міру, прысвяціў сваю аўтарскую калонку на партале “Vatican News” Андрэа Тарніелі, галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Адаптацыя: Ян Глінскі

“Сапраўднае прабачэнне не чакае пакаяння, але заўсёды робіць першы крок, прапаноўваючы сябе як дар яшчэ перад тым, як будзе прынята”. Гэтымі словамі Леў XIV пракаментаваў урывак з Евангелля паводле святога Яна, у якім Езус падае хлеб таксама і зрадніку Юду. Гэта логіка Бога, так далёкая ад чалавечай логікі “do ut des”.

Езус – патлумачыў Пантыфік – не ігнаруе таго, што адбываецца, але менавіта таму што бачыць выразна, “ведае, што свабода іншага, нават калі ён згубіўся ў зле, усё яшчэ можа быць дасягнута святлом пяшчотнага жэсту”. Гэта скандал “прэвентыўнага” прабачэння, якое апярэджвае, раскрывае абдымкі, не патрабуючы ніякіх папярэдніх умоў. Як жа патрэбна такое прабачэнне нашаму жыццю і нашым адносінам. Як жа моцна патрабуе яго наш свет – прабачэння, якое “не з’яўляецца забыццём, не з’яўляецца слабасцю”.

У гэтым кантэксце згадваюцца прароцкія словы паслання на Сусветны дзень міру 2002 года, напісанага Янам Паўлам ІІ неўзабаве пасля тэрарыстычных нападаў 11 верасня ў ЗША. Калі ўсе думалі аб “прэвентыўнай” вайне, Папа Вайтыла хацеў данесці, што “няма міру без справядлівасці, і няма справядлівасці без прабачэння”.

“Шмат разоў, – казаў Ян Павел ІІ, – я спыняўся, каб паразважаць над пытаннем: які шлях вядзе да поўнага аднаўлення маральнага і грамадскага парадку, што быў так па-варварску парушаны? Перакананне, да якога я прыйшоў, разважаючы і сутыкаючыся з біблейскім адкрыццём, заключаецца ў тым, што не атрымаецца цалкам аднавіць парушаны парадак, акрамя як толькі шляхам спалучэння справядлівасці і прабачэння. Слупамі сапраўднага міру з’яўляюцца справядлівасць і тая асаблівая форма любові, якою з’яўляецца прабачэнне”. Не толькі асобныя людзі, але таксама “сем’і, групы, дзяржавы і нават уся міжнародная супольнасць павінны адкрыцца на прабачэнне, каб (…) перамагаць сітуацыі бясплодных узаемных абвінавачванняў і пераадолець спакусу выключаць іншых, не даючы ім права на апеляцыю. Здольнасць прабачаць ляжыць у аснове кожнага праекту будучыні больш справядлівага і салідарнага грамадства”.

Адсутнасць прабачэння, тлумачыў Яна Паўла ІІ, “падсілкоўвае канфлікты” і “нясе велізарныя выдаткі”: “Рэсурсы выкарыстоўваюцца для падтрымкі гонкі ўзбраенняў, ваенных выдаткаў і наступстваў эканамічных рэпрэсій. Увыніку не хапае фінансавых рэсурсаў, неабходных для развіцця, міру і справядлівасці”. Папа Вайтыла падкрэсліваў, што ўмовай развіцця з’яўляецца мір, “але сапраўдны мір магчымы толькі праз прабачэнне”.

На заканчэнне аўдыенцыі Папа Леў XIV нагадаў, што без прабачэння ніколі не будзе міру і заклікаў нас правесці 22 жніўнія 2025 года Дзень малітвы і посту, каб прасіць Марыю, Каралеву Супакою, аб заступніцтве, а Бога – аб міры і справядлівасці для свету, змучанага войнамі. Для нашага свету, які так моцна патрабуе “прэвентыўнага прабачэння”.
 

22 жніўня 2025, 08:51