Прэфект Дыкастэрыі: дыялог – шлях да адзінства хрысціян
Ян Глінскі
“Гэта было відавочна і ў яго прамове да Усходніх Каталіцкіх Цэркваў. Ён мае ўнутраныя адносіны са светам Усходу. Тое, што ён сказаў пра Усходнія Каталіцкія Цэрквы, аналагічна датычыцца і Праваслаўных Цэркваў”, - адзначыў ватыканскі іерарх у інтэрв’ю для нямецкага каталіцкага партала kath.net.
“У нас шмат агульнага з Праваслаўнымі Цэрквамі з пункту гледжання веры і разумення Касцёла. Цэнтральным пытаннем з’яўляецца служэнне Пятра. Тут таксама ёсць добрая адпраўная кропка, бо праваслаўныя прызнаюць іерархію біскупаў, у якой Рым займае першае месца. Аднак адкрытым застаецца пытанне, якія паўнамоцтвы мае Біскуп Рыма: выключна ганаровы прымат, ці таксама з гэтым звязаныя пэўныя абавязкі і правы?” - адзначыў іерарх.
“У 1995 годзе Папа Ян Павел II запрасіў усе хрысціянскія Цэрквы знайсці агульную практыку прымату, каб Пятровае служэнне больш не было перашкодай, а дапамогай на шляху да адзінства. У мінулым годзе наша Дыкастэрыя апублікавала дакумент на гэтую тэму, які быў разасланы ўсім хрысціянскім Цэрквам. Як толькі мы атрымаем адказы, мы падрыхтуем сінтэз і абмяркуем з Папам Львом XIV, як мы можам дзейнічаць далей”, - дадаў прэфект.
Падчас размовы кардынал Кох выказаў думку, што перамагчы своеасаблівую адчужанасць паміж хрысціянамі дапаможа ўзаемнае пазнанне і дыялог любові: варта “пазнаёміцца асабіста, асабліва там, дзе мы найбольш каталіцкія або праваслаўныя – у літургіі”. “Неабходны пазітыўны эмацыйны вопыт, перш за ўсё, усведамленне таго, што абодва бакі з’яўляюцца хрысціянамі і абодва любяць Хрыста. Таму дыялог любові вельмі важны для больш глыбокага пазнання адзін аднаго”, - патлумачыў прэфект дыкастэрыі.
На пытанне адносна супольнай даты святкавання Вялікадня ў экуменічнай супольнасці ватыканскі іерарх заўважыў: “Было б пажадана і важна знайсці агульную дату Вялікадня, але толькі калі гэта не прывядзе да новых падзелаў”.
Кардынал Кох таксама нагадаў, што Папа Леў XIV ужо выказаўся на гэтую тэму, пацвердзіўшы адкрытасць Каталіцкага Касцёла на пошук экуменічнага рашэння, якое спрыяла б сумеснаму святкаванню Уваскрэсення Пана.
Пытанне адносна шанцаў Рыма стаць пасярэднікам у падзелах унутры праваслаўя кардынал Кох назваў няпростым. “Яшчэ да вайны ва Украіне адносіны паміж Масквой і Канстанцінопалем былі складанымі. З вайной сітуацыя стала яшчэ больш няпростай. Рым можа выступаць пасярэднікам толькі ў тым выпадку, калі кожны з бакоў канфлікту гэтага жадае. На дадзены момант гэта не так”, - патлумачыў прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.