Папа ўхваліў новыя нормы дапамогі сем’ям супрацоўнікаў Ватыкана
Аляксандр Панчанка – Vatican News
11 жніўня 2025 года ў Ватыкане быў апублікаваны рэскрыпт за подпісам прэфекта Сакратарыята па эканамічных пытаннях Святога Пасада Максіміна Кабальера Леды. Дакумент, ухвалены Папам Львом XIV, датычыць адпачынкаў для бацькоў, правоў бацькоў дзяцей з інваліднасцю, а таксама выплат дапамогі на дзяцей.
Галоўнае новаўвядзенне дае магчымасць ватыканскім супрацоўнікам браць пяць дзён аплачваемага адпачынку з нагоды нараджэння дзіцяці. Імі можна скарыстацца як запар, так і асобнымі днямі – толькі поўнымі, а не па гадзінах – на працягу трыццаці дзён з моманту нараджэння дзіцяці.
Іншае новаўвядзенне датычыць аказання дапамогі сем’ям ватыканскіх супрацоўнікаў, якія маюць дзяцей з інваліднасцю “ў пацверджанай цяжкай сітуацыі”. Дакумент вызначае, што бацькі кожны месяц маюць права на тры дні аплачваемага адпачынку, якія можна выкарыстоўваць запар, пры ўмове, што дзіця не знаходзіцца на пастаянным стацыянарным лячэнні ў спецыялізаванай установе. Гэтыя дні прызначаныя для нагляду за членам сям’і з інваліднасцю, таму прадугледжваюць “немагчымасць выканання якой-небудзь іншай працоўнай дзейнасці”, за выключэннем выпадкаў, дазволеных адпаведным кампетэнтным органам.
Што да выплаты дапамогі на дзяцей, то рэскрыпт удакладняе, што ў выпадку дасягнення паўналецця права на яе захоўваецца за сем’ямі з “законнымі або ўзаканенымі дзецьмі ці дзецьмі, прыраўнанымі да іх” ва ўзросце звыш 18 гадоў: “на перыяд навучання ў сярэдняй школе – да дасягнення 20 гадоў”; або “на ўвесь перыяд навучання ва ўніверсітэце ці ў навучальных установах, прызнаных Святым Пасадам роўнацэннымі – да дасягнення 26 гадоў”. Навучанне павінна быць пацверджана даведкай аб залічэнні, выдадзенай універсітэтам.