Леў XIV змяніў статус Папскага камітэта па Сусветным дні дзяцей
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Рашэнне аб уключэнні Камітэта ў структуру Рымскай курыі Святы Айцец прыняў 6 жніўня 2025 года падчас аўдыенцыі для Субстытута па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыяту, арцыбіскупа Эдгара Пенья Пары.
Да гэтага часу Камітэт адносіўся да ўстаноў, звязаных з Апостальскай Сталіцай. Цяпер ён будзе дзейнічаць у межах Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, у кампетэнцыі якой знаходзіцца, між іншым, арганізацыя і правядзенне Сусветных дзён моладзі і Сусветнай сустрэчы сем’яў.
Першы Сусветны дзень дзяцей прайшоў у Рыме 25-26 мая 2024 года пад патранатам Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі. На яго заканчэнне было абвешчана, што наступны дзіцячы форум адбудзецца ў 2026 годзе.
20 лістапада 2024 года ў Ватыкане быў апублікаваны хірограф Папы Францішка аб заснаванні адмысловага Папскага камітэта па Сусветным дні дзяцей і зацвярджэнні яго статута, згодна з якім установа адказвае за касцельную анімацыю і душпастырскую арганізацыю форума і падпарадкоўваецца непасрэдна Пантыфіку. Першым старшынёй структуры ён прызначыў францішканіна, айца Энца Фартуната.