Кардынал Шонбарн прадставіць Папу на ўрачыстасцях у Кёльне
Леў XIV прызначыў аўстрыйскага кардынала Крыстафа Шонбарна сваім спецыяльным пасланнікам на ўрачыстасці з нагоды 350-годдзя асвячэння капліцы Маці Божай Чорнай у Касцёле святой Марыі "на Купфэргасэ" у Кёльне.
Vatican News
Зала Друку Апостальскай Сталіцы распаўсюдзіла 9 жніўня 2025 года паведамленне аб прызначэнні арцыбіскупа-эмерыта Венскага папскім легатам на святкаванні ў Кёльн.
Кардынал Шонбарн узначаліць урачыстую Імшу з нагоды гадавіны асвячэння капліцы Маці Божай Чорнай, культ якой распаўсюдзіўся далёка за межы горада. Святкаванне адбудзецца 14 верасня 2025 года.
Фігурка Панны Марыі з тытулам Маці Міласэрнасці захавалася падчас бамбардзіровак Другой сусветнай вайны і сёння займае цэнтральнае месца ў народнай пабожнасці не толькі жыхароў Кёльна, але і іншых мясцін. Святыня прыцягвае шматлікіх вернікаў, якія прыходзяць у Касцёл святой Марыі "на Купфэргасэ", каб запаліць свечку і звярнуцца да Багародзіцы па падтрымку і суцяшэнне.
10 жніўня 2025, 11:19