MAP

Кардынал П'етра Паралін падчас візіту ў Бурундзі Кардынал П'етра Паралін падчас візіту ў Бурундзі 

Паралін у Бурундзі: служыць агульнаму дабру, каб усе жылі годна

Кардынал П’етра Паралін працягвае візіт у Бурундзі. Іерарх сустрэўся з кіраўніцтвам краіны, узначаліў Імшу ў нацыянальным марыйным санктуарыі і ўшанаваў памяць арцыбіскупа Майкла Кортні – нунцыя ў Бурундзі, які загінуў у 2003 годзе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

15 жніўня 2025 года, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Дзяржаўны сакратар узначаліў святую Імшу ў мясцовым духоўным цэнтры – нацыянальным марыйным санктуарыі ў Мугеры, куды штогод прыходзяць тысячы пілігрымаў з усёй краіны. Падчас цэлебрацыі святыня атрымала тытул базілікі меншай.

У літургіі бралі ўдзел біскупы Бурундзі, каля сотні святароў, законнікаў і законніц, а таксама тысячы вернікаў. Дзяржаўныя ўлады былі прадстаўлены на самым высокім узроўні – на Імшы прысутнічаў прэзідэнт краіны Эварыст Ндаішыміе, з якім кардынал Паралін сустракаўся напярэдадні.

Дзяржаўны сакратар у сваёй гаміліі звярнуў увагу на важнасць пераадолення вузкіх асабістых інтарэсаў, каб з абноўленым запалам служыць агульнаму дабру ў свеце. Ён пажадаў, каб у месцах вайны, дзе шмат людзей ужо доўга церпяць выпрабаванні і нястачу, можна было зноў імкнуцца да годнага і бяспечнага жыцця.

Днём раней кардынал Паралін прыняў удзел у цырымоніі ўшанавання памяці арцыбіскупа Майкла Эйдана Кортні, Апостальскага нунцыя ў Бурундзі, які загінуў у 2003 годзе пасля таго, як яго аўтамабіль быў абстрэлены ў ваколіцах Бужумбуры, тагачаснай сталіцы дзяржавы. Дзяржаўны сакратар благаславіў помнік папскаму дыпламату і вуглавы камень медыцынскага цэнтра, які будзе пабудаваны ў яго гонар.

Кардынал Паралін нагадаў, што арцыбіскуп Кортні ішоў побач з народам Бурундзі ў цяжкія гады і заўсёды дзейнічаў на карысць супакою і прымірэння, працуючы з усімі з цярпеннем і настойлівасцю, каб данесці бачанне магчымага міру, і заставаўся блізкім да ўсіх, не шкадуючы ўласнага жыцця.

У бліжэйшыя дні кардынал Паралін сустрэнецца з духавенствам, настаяцелямі і настаяцельніцамі манаскіх супольнасцяў, будзе ўдзельнічаць у дыпламатычным прыёме і ўзначаліць Імшу з нагоды 60-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Бурундзі.
 

16 жніўня 2025, 12:26