Кардынал Паралін распачаў афіцыйны візіт у Бурундзі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Важнай падзеяй візіту стане адкрыццё помніка і закладка вуглавога каменя медыцынскага цэнтра ў гонар арцыбіскупа Майкла Эйдана Кортні – Апостальскага нунцыя ў Бурундзі, які загінуў у 2003 годзе падчас выканання сваёй місіі.
Арцыбіскуп Кортні, ірландзец па паходжанні, быў прызначаны папскім прадстаўніком у Бурундзі ў 2000 годзе. Пасля грамадзянскай вайны ён зрабіў значны ўнёсак у дасягненне пагаднення паміж урадам і паўстанцамі. У 2003 годзе Ян Павел ІІ прызначыў яго нунцыем на Кубе, але іерарх папрасіў дазволу застацца ў Афрыцы на некаторы час, каб спрыяць канчатковаму прымірэнню.
Праз некалькі тыдняў, падчас паездкі недалёка ад Бужумбуры, тагачаснай сталіцы, аўтамабіль нунцыя абстралялі. Ён быў адзіным, хто атрымаў раненні, і памёр у бальніцы 29 снежня 2003 года ва ўзросце 58 гадоў.
У 2023 годзе, у 20-ю гадавіну яго смерці, Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер цэлебраваў у інтэнцыі Кортні святую Імшу ў Ірландскай капліцы Ватыканскіх гротаў. Цяпер жа памяць забітага дыпламата будзе ўшанавана будаўніцтвам медыцынскага цэнтра на месцы яго гібелі. Праект быў абвешчаны ў мінулым годзе прэзідэнтам Бурундзі Эварыстам Ндаішыміе, а цырымонію закладкі вуглавога каменя 14 жніўня ўзначаліць кардынал Паралін.
Падчас візіту дзяржаўны сакратар сустрэнецца з кіраўніцтвам краіны і мясцовымі касцельнымі іерархамі, падпіша шэраг важных пагадненняў, наведае два марыйныя санктуарыі, семінарыі і манаскія супольнасці. Кардынал Паралін таксама прыме ўдзел у адкрыцці помніка арцыбіскупу Кортні і ў прыёме для дыпламатычнага корпуса. Завершыць паездку ён святой Імшой з нагоды 60-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Бурундзі.