Кардынал Кох: сапраўдны мір характарызуецца справядлівасцю
Ян Глінскі
У інтэрв’ю для ватыканскіх СМІ прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству звярнуў увагу на канфлікты ва Украіне і на Блізкім Усходзе. Іерарх выказаў надзею, што ўрэшце знойдзецца рашэнне, якое ўрэгулюе канфлікт ва Украіне, і што “справядлівы мір запануе на Блізкім Усходзе”.
“Мы жывем у сучасным свеце з мноствам пустынь”, - сказаў кардынал Кох, нагадаўшы, што перад абліччам войнаў першачарговая задача – зрабіць усё магчымае для дасягнення міру, але не проста “нейкага там міру”. “Мір існуе і на могілках. Мы ж гаворым пра жывы мір, які характарызуецца перш за ўсё справядлівасцю”, - падкрэсліў прэфект дыкастэрыі.
“Гэта два асноўныя крызісы, аб якіх мы молімся як хрысціяне: каб заквітнеў мір. Гэта найвялікшы дар, які можа даць нам Бог”, – дадаў кардынал Курт Кох і заклікаў усіх хрысціян маліцца аб гэтым.
46-я Сустрэча сяброўства народаў праходзіла з 22 па 27 жніўня 2025 года ў Рыміні. Штогадовы форум свецкіх католікаў Італіі быў арганізаваны рухам “Камунія і вызваленне” (Comunione e Liberazione). Дэвізам сёлетняй сустрэчы сталі словы: “На пустынях мы будзем будаваць з новай цэглы”.