Кардынал Кох: Францішак быў сябрам для іншых Цэркваў
Ян Глінскі
Кардынал Курт Кох у інтэрв’ю для нямецкага каталіцкага партала kath.net указаў на два важныя аспекты ў пантыфікаце Папы Францішка, на якія варта звярнуць асаблівую ўвагу.
“Па-першае, гэта яго непасрэдныя сустрэчы з прадстаўнікамі іншых Цэркваў. Ён заўсёды выкарыстоўваў патройную формулу: “давайце ісці разам, маліцца разам, працаваць разам”. Для яго гэта было прыярытэтам, як і сяброўскія адносіны з іншымі Цэрквамі”, - адзначыў прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.
“Па-другое, існуе так званы “экуменізм крыві” – тэрмін, які ён паўтараў услед за Папам Янам Паўлам ІІ. За гэтым стаіць перакананне, што сёння ёсць шмат мучанікаў і што ўсе хрысціянскія Цэрквы маюць сваіх мучанікаў. Хрысціянаў пераследуюць не за тое, што яны католікі, праваслаўныя ці пратэстанты, а таму што яны хрысціяне. Кроў мучанікаў яднае нас, а не дзеліць”, - дадаў ватыканскі іерарх.
Кардынал Кох узгадаў, як у жартаўлівай форме Папа Францішак аднойчы ў яго спытаў: “А ты не думаеш, што ганіцелі хрысціян лепш разумеюць экуменізм, чым мы? Яны ведаюць, што мы – адно”. Як падкрэсліў прэфект дыкастэрыі, тэма экуменічнага дыялогу мела вялікае значэнне для Папы Францішка, таму ён надаваў гэтаму пытанню грунтоўную ўвагу. Дыялог паміж хрысціянскімі Цэрквамі атрымае працяг і падчас пантыфікату Льва XIV, які, па словах прэфекта, “мае ўнутраныя адносіны з усходнім светам”.