Прадстаўнік Святога Пасада засцерагае ад схаваных пагроз ШІ
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Вырашэнне праблемы змены клімату патрабуе чалавечага рэагавання і змены нашых мадэляў спажывання", - адзначыў Біскуп Пол Тай у інтэрв'ю “OSV News”. Ён падкрэсліў, што "воблака – гэта правады, энергія, велізарнае спажыванне электрычнасці, так што сам ШІ мае значны кошт з пункту гледжання энергіі, вады для ахаладжэння і выкарыстання сыравіны з уразлівых рэгіёнаў свету".
Праца – месца, дзе мы знаходзім сэнс, мэту і годнасць
Біскуп Тай таксама звярнуў увагу на сацыяльныя наступствы скарачэння занятасці. "Многія кажуць пра значную страту працоўных месцаў і што ШІ створыць такое багацце, якое можна будзе размеркаваць. Але гэта аднабаковы погляд на працу", - падкрэсліў ён.
Паводле каталіцкай традыцыі, праца з'яўляецца "месцам, дзе мы знаходзім сэнс, мэту, ідэнтычнасць, каб выказаць нашу годнасць і творчасць". Біскуп адзначыў, што праца традыцыйна з'яўляецца "асноўным месцам сацыялізацыі", у той час як ШІ і дыгіталізацыя разбураюць працоўныя адносіны.
Патрэбна структура для ўзаемадзеяння з ШІ
Паводле біскупа Тая, штучны інтэлект і звязаныя з ім сацыяльныя пытанні будуць прыярытэтнымі для Папы Льва XIV. "Ён вельмі выразна паставіў гэта на першае месца ў парадку дня, звязваючы з энцыклікай 'Rerum Novarum'", – адзначыў іерарх, дадаўшы, што матэматычная падрыхтоўка Пантыфіка дае яму кампетэнцыю ў гэтай сферы.
Сакратар Дыкастэрыі па культуры і адукацыі паведаміў, што паміж тэхналагічнымі кампаніямі і Святым Пасадам існуе ўзаемадзеянне па пытаннях ШІ. "З'явіўся элемент даверу, які дазваляе весці больш адкрыты дыялог", - адзначыў ён, падкрэсліваючы, што ў гэтым удзельнічаюць Папская акадэмія жыцця, Папская акадэмія сацыяльных навук і Дыкастэрыя па культуры і адукацыі.
"Было б вельмі карысна, калі б Папа Леў змог стварыць структуру для ўзаемадзеяння ўнутры Святога Пасада і з знешнімі зацікаўленымі бакамі", – падсумаваў біскуп Тай.