MAP

Біскупы Кшыштаф Ныкель Біскупы Кшыштаф Ныкель  (© ks. Marek Weresa)

Біскуп Ныкель: Юбілейны год – час, каб вярнуцца да Бога

Юбілейны год – не толькі літургічная ці сімвалічная падзея, але і глыбокі духоўны шанец, - адзначыў біскуп Кшыштаф Ныкель, рэгент Апостальскай пенітэнцыярыі, у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву KAI.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Іерарх перакананы, што самае галоўнае падчас Юбілею – гэта “прагненне змяніць сваё жыццё на лепшае”. “А гэта можа здарыцца толькі тады, калі адбудзецца сустрэча з Езусам Хрыстом – Тым, хто ёсць Дарогай, Праўдай і Жыццём. Гэта Ён адорвае нас бязмежнай, безумоўнай любоўю і міласэрнасцю”, - сказаў рэгент, падкрэсліваючы, што “Юбілей – час для роздуму, удзячнасці і рашэння жыць лепш”.

Прыкладам навяртання біскуп Ныкель назваў евангельскага Добрага злодзея, які ў апошні момант свайго жыцця здолеў пакаяцца і быў збаўлены. “Пакуль б’ецца наша сэрца, заўсёды ёсць час, каб вярнуцца”, - сказаў ён.

Рэгент Апостальскай пенітэнцыярыі назваў асаблівым шляхам надзеі ў Юбілейны год сакрамэнт пакаяння і паяднання. Ён падкрэсліў, што “кожны канфесіянал – гэта заўсёды святая брама душы, праз якую пэнітэнт пераходзіць з цемры граху да святла ласкі паяднання”. “Добра перажытая споведзь адчыняе шлях да неба”, - дадаў іерарх, нагадваючы, што яна з’яўляецца “момантам, калі мы атрымліваем прабачэнне, супакой і ўнутраную радасць”. “Бог нас любіць і мы патрэбны Яму – нашы вусны, рукі і сэрца – каб праз нас праяўляць сваю міласэрнасць да іншых”, - запэўніў біскуп Ныкель.

Іерарх падкрэсліў, што самае важнае падчас споведзі – гэта шчырасць. “Пан Бог не патрабуе дыпламатаў ці майстроў вытанчанага слова. Яму патрэбна сэрца. Мне прыходзіць на думку евангельская сцэна з мытнікам у святыні. Ён не ўздымае позірку, бо вельмі саромеецца, але ў сэрцы моліцца: “Прабач мне, Пане, бо я грэшнік”. І гэтага дастаткова. У адрозненне ад яго, фарысей ганарыцца сваёй дасканаласцю, і гэта аддаляе яго ад Божай міласэрнасці”, - нагадаў рэгент пенітэнцыярыі.

Па словах біскупа Ныкеля, для святара чалавек, які прыходзіць да споведзі, павінен быць як “святая зямля”, якую нельга прынізіць. “Гэты чалавек дае нам доступ да свайго найглыбейшага ўнутранага свету, да свайго сумлення, якое, паводле вучэння Другога Ватыканскага Сабору, з’яўляецца ўнутранай святыняй сустрэчы чалавека з самім Богам”, – сказаў іерарх.

Каб добра выкарыстаць час Юбілейнага года, на думку біскупа Ныкеля, важна не забываць пра “наша пакліканне да святасці”. “Не трэба баяцца падзенняў. Найважнейшае – давяраць і падымацца. Хто трымаецца Пераможцы, той таксама пераможа”, - запэўніў рэгент Апостальскай пенітэнцыярыі.
 

11 жніўня 2025, 13:13