MAP

Фрагмент фрэскі "Апошні суд" Мікеланджэла ў Сікстынскай капэле Фрагмент фрэскі "Апошні суд" Мікеланджэла ў Сікстынскай капэле 

“Апошні суд” Мікеланджэла чакае пазачарговая рэстаўрацыя

Рэстаўрацыя фрэсак Рафаэля і Мікеланджэла – самыя маштабныя і складаныя праекты, якія ватыканскія спецыялісты плануюць рэалізаваць у бліжэйшыя месяцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

1 жніўня 2025 года кіраўніком Лабараторыі рэстаўрацыі жывапісу і драўляных матэрыялаў Ватыканскіх музеяў стаў Паола Віаліні, італьянскі спецыяліст, які займаецца захаваннем скарбаў папскай мастацкай калекцыі з 1988 года. У інтэрв’ю Паола Андарца з Vatican News эксперт расказаў пра выклікі, якія яго чакаюць на новай пасадзе.

Па яго словах, у першую чаргу будзе завершана рэстаўрацыя фрэсак Станцы Пажару ў Борга, створаных Рафаэлем і работнікамі яго майстэрні паміж 1514 і 1517 гадамі. Новы кіраўнік аддзела рэстаўрацыі ўжо добра знаёмы з творамі ўмбрыйскага генія. У 2000 годзе пад яго кіраўніцтвам была адрэстаўравана Станца дэла Сеньятура, а ў 2012 – Станца д’Эліадора.

Самым маштабным рэстаўрацыйным праектам, які прыцягне ўвагу шырокай публікі, безумоўна, стане пазачарговая рэстаўрацыя фрэскі “Апошні суд” Мікеланджэла ў Сікстынскай капэле. Яна будзе здзейснена паралельна з ардынарнымі рэстаўрацыйнымі працамі, якія праводзяцца кожны год з дапамогай адмысловага пад’ёмніка.

Неабходнасць у правядзенні пазачарговай рэстаўрацыі звязана з моцным уздзеяннем на фрэскі, выкліканым вялікай колькасцю наведвальнікаў Сікстынскай капэлы. Працы пачнуцца ў студзені 2026 года. “Мы павінны закончыць да сакавіка, каб вызваліць мур перад пачаткам Вялікага тыдня”, - падзяліўся Паола Віаліні.

Эксперт расказаў, што для правядзення рэстаўрацыі будуць збудаваны рыштаванні, якія закрыюць увесь мур. Яны будуць мець каля дванаццаці рабочых ярусаў і пад’ёмнік, каб працаваць адначасова маглі 10-12 рэстаўратараў. Такім чынам будзе скарочаны агульны час правядзення рэстаўрацыйных прац, і фрэска хутчэй зноў прадстане перад поглядамі наведвальнікаў.

Яшчэ адзін маштабны праект, які распачнецца ў бліжэйшы час і будзе працягвацца пяць гадоў – гэта рэстаўрацыя Лоджыі Рафаэля на другім паверсе Апостальскага палацу. Чатырнаццаць пралётаў, упрыгожаных вытанчанай лепкай і фрэскамі, створанымі Джавані да Удзінэ і іншымі супрацоўнікамі Рафаэля, з’яўляюцца “спадчынай чалавецтва”, – сказаў Віаліні, нагадваючы, што гэтыя роспісы далі пачатак дэкаратыўнаму стылю гратэска, узятаму з антычнага рымскага мастацтва і распаўсюджанаму на працягу ўсяго XVI стагоддзя.

Лабараторыя рэстаўрацыі жывапісу і драўляных матэрыялаў Ватыканскіх музеяў была заснавана ў 1923 годзе, але мае старажытныя традыцыі, якія адносяцца да перыяду, калі нагляд за папскімі творамі мастацтва ажыццяўлялі мастакі Акадэміі святога Лукі ў Рыме. Цяпер у ёй працуюць 26 спецыялістаў. Падчас рэалізацыі буйных праектаў запрашаюцца таксама рэстаўратары звонку.
 

13 жніўня 2025, 12:16