Юбілей моладзі: Рым прыме ўдзельнікаў з 146 краін свету
Марыя Валодзіна - Vatican News
У мерапрыемстве прымуць удзел каля паўмільёна пілігрымаў з 146 краін свету. Большасць удзельнікаў (68%) паходзіць з Еўропы, амаль трэць – з іншых кантынентаў. Па словах пра-прэфекта Дыкастэрыі па евангелізацыі арцыбіскупа Рына Фізікелы Юбілей моладзі ўяўляе сабой "самы чаканы момант” Святога года, таму што збярэ найбольшую колькасць удзельнікаў. Чакаюцца пілігрымы і з рэгіёнаў, закранутых вайной: Лівана, Ірака, М’янмы, Украіны, Ізраіля, Сірыі і Паўднёвага Судана.
Праграма Юбілею моладзі
28 ліпеня адбудзецца адкрыццё Юбілею лічбавых місіянераў. У гэты дзень чакаецца прыбыццё асноўных груп удзельнікаў – паўмільёна пілігрымаў. Для іх размяшчэння задзейнічаны 270 парафій, 400 школьных устаноў, 40 пазашкольных пляцовак, аб’екты грамадзянскай абароны, спартыўныя комплексы і сем’і. Абеды і вячэры моладзь зможа атрымаць ў 20 спецыяльных пунктах харчавання.
З 29 па 31 ліпеня адбудуцца “Дыялогі з горадам” – каля 70 сустрэч і мерапрыемстваў, якія пройдуць на рымскіх плошчах.
На 1 жніўня запланаваны Дзень пакаяння, які пройдзе ў Цырку Максімус: 200 святароў будуць спавядаць маладых пілігрымаў у спецыяльна падрыхтаваных вялікіх намётах.
2 жніўня, з 9:00 раніцы, у рымскім раёне Тор Вергата адбудзецца канцэрт, а ў 20:30 распачнецца малітоўнае чуванне, якое ўзначаліць Папа Леў XIV. Трое маладых пілігрымаў з Італіі, Мексікі і ЗША зададуць пытанні Святому Айцу, які адкажа ім на іх родных мовах.
3 жніўня адбудзецца Святая Імша, якую ўзначаліць Пантыфік.
Арцыбіскуп Фізікела нагадаў таксама пра інфармацыйныя рэсурсы, падрыхтаваныя для ўдзельнікаў: мабільны дадатак Vatican Vox і “Вадэмекум пілігрыма”.
Лагістыка юбілейных мерапрыемстваў
Прадстаўнік урада Італіі Альфрэда Мантавана адзначыў, што ў юбілейных мерапрыемствах задзейнічаны сотні супрацоўнікаў і больш за 2 тысячы валанцёраў грамадзянскай абароны.
Мэр Рыма Раберта Гуальцьеры паведаміў аб тым, што ў горадзе ўстаноўлена 2760 біятуалетаў, дзейнічаюць 2660 пунктаў для папаўнення вады. Падрыхтаваны 5 мільёнаў бутэлек пітной вады і 70 небулайзераў. Створаны 10 медыцынскіх пунктаў з 43 машынамі хуткай дапамогі і верталётам хуткай дапамогі. Будуць працаваць 500 медыцынскіх работнікаў. Для тых, каму можа спатрэбіцца "момант перадышкі", створаны чатыры зоны адпачынку.
Для каардынацыі юбілейных падзей і лагістыкі ў Рыме створана камандная зала кіравання плошчай 500 квадратных метраў, якая дазволіць аператыўна сачыць за тэрыторыяй размяшчэння пілігрымаў – гэта больш за 500 тысяч квадратных метраў.
Прадстаўніца Лацыума Раберта Анджэлілі паведаміла, што рэгіён прыме больш за 4 тысячы валанцёраў, забяспечыць ім начлег і харчаванне, у тым ліку ў 30 намётавых структурах з кандыцыянерамі і 5 палявых кухнях. Што да грамадскага транспарту, запланавана 400 спецыяльных звышурочных змен і 60 аўтобусаў, а таксама бесперапынная праца ліній A і C рымскага метро: яны будуць працаваць без перапынку на працягу 21 гадзіны.
Бяспека ўдзельнікаў Юбілею моладзі
Бяспеку падчас Юбілею моладзі будзе забяспечваць прэфектура Рыма пад кіраўніцтвам прэфекта Ламбертa Джаніні. Ён запэўніў, што няма ніякіх негатыўных сігналаў, але нягледзячы на гэта, прымаюцца максімальныя меры бяспекі, асабліва ў ключавыя дні ў Тор Вергата. Над гэтым раёнам будзе забаронены палёт беспілотнікаў і самалётаў. Усе ўдзельнікі мерапрыемстваў будуць праходзіць кантроль бяспекі пры ўваходзе.
Кіраўнік Дэпартамента грамадзянскай абароны Фабіа Чычыліяна адзначыў, што для падтрымкі замежнай моладзі будзе працаваць спецыяльны офіс міжнародных адносін. Туды можна звяртацца па такіх пытаннях, як, напрыклад, страта дакументаў.