MAP

Юбілей лічбавых евангелізатараў: весці дыялог без павярхоўнасці

Весці дыялог з лічбавым светам, пазбягаючы павярхоўнасці, ананімнасці і спакусы быць у цэнтры ўвагі, заклікаў каталіцкіх інфлюэнсераў кардынал П’етра Паралін.

Марыя Валодзіна - Vatican News

28 ліпеня 2025 года ў Рыме стартаваў Юбілей лічбавых місіянераў і каталіцкіх інфлюэнсераў. Ён сабраў каля тысячы ўдзельнікаў з усяго свету і стаў адной з важных падзей Святога года.

Упершыню ў гісторыі ў рамках Святога года Касцёл арганізаваў спецыяльнае юбілейнае мерапрыемства для тых, хто евангелізуе з дапамогай лічбавых тэхналогій. Адкрыццё сустрэчы адбылася ў рымскім Auditorium Conciliazione і супала з пачаткам Юбілею Моладзі.

Сярод удзельнікаў – святары, місіянеры, блогеры, стваральнікі кантэнту і інфлюэнсеры, якія выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі для таго, каб сведчыць пра Хрыста. На сустрэчы панавала надзвычай жывая атмасфера: удзельнікі знаёміліся, актыўна фатаграфаваліся, здымалі відэа, абменьваліся ідэямі.

З прывітальнымі словамі да іх звярнуліся Кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін, прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні і сакратар Дыкастэрыі ксёндз Люсіа Адрыян Руіс.

Падчас адкрыцця прагучалі таксама духоўныя медытацыі двух езуітаў, айцоў Дэвіда МакКалума і Антоніа Спадара. Першы ў сваім разважанні “Злучаныя з Словам” назваў Святое Пісанне самым моцным сувязным элементам, “мацнейшым за Wi-Fi і хэштэгі”, другі паразважаў пра адносіны паміж тэалогіяй і місіяй у эпоху сетак і алгарытмаў.

У сваёй прамове Кардынал Паралін адзначыў, што Касцёл не можа заставацца пасіўным перад абліччам эпахальных змен, але ён закліканы заняць дыялогавую і місіянерскую пазіцыю.

Дзяржсакратар адзначыў, што тэхналогіі – ужо не проста інструмент, а мова, новы спосаб існавання ў свеце. У сувязі з гэтым Касцёл не павінен дзейнічаць паводле гатовых схем, а развіваць творчасць. Лічбавая евангелізацыя не можа зводзіцца да тэхнічнай ці адукацыйнай задачы, паколькі сёння лічбавыя тэхналогіі ўяўляюць сабой рэальнае вымярэнне мыслення і адносін. Гаворка ідзе не пра распрацоўку стратэгій, а пра прысутнасць, прасякнутую чалавечнасцю.

Лічбавая місія азначае прыняцце рытму, болю, пытанняў і пошукаў тых, хто жыве ў лічбавай прасторы, але гэта павінна адбывацца без ананімнасці, павярхоўнасці і жадання быць у цэнтры ўвагі. Найбольш каштоўны ўнёсак у лічбавую прастору – гэта бачанне чалавека як “вобраза і храма Тройцы”. Місія заўсёды патрабуе хрысціянскага стылю: яна ставіць сапраўдныя сустрэчы вышэй за пустыя словы, а праўду – вышэй за тое, што падабаецца, - сказаў іерарх.

Евангелізацыя – гэта не прывілей тых, хто валодае лічбавымі інструментамі, а адказнасць кожнага. На Сусветных днях моладзі – 2019 у Панаме Францішак назваў Марыю "Божым інфлюэнсерам", а Леў XIV заклікае распазнаваць "сапраўдны сэнс жыцця", а не проста “даступныя даныя”. Сённяшні выклік заключаецца ў тым, каб зрабіць лічбавую прастору новай, - адзначыў кардынал Паралін.

28 ліпеня 2025, 14:03