Ватыкан: зялёная будучыня з электрычным транспартам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Найменшая дзяржава свету працягвае ўмацоўваць свае экалагічныя ініцыятывы. Дзяржава Ватыкан заключыла важнае пагадненне, якое дазволіць паступова перавесці ўвесь транспарт супрацоўнікаў на электрычную цягу.
Першым стратэгічным партнёрам праекта стаў нямецкі аўтавытворца “Volkswagen”, які ўжо паставіў дзясяткі электрамабіляў для Ватыкана. Частка ватыканскай паліцыі ўжо карыстаецца поўнасцю электрычнымі мадэлямі з Вольфсбурга.
Варта адзначыць, што Ватыкан ужо мае досвед выкарыстання электратранспарту. Электрычны папамабіль вытворчасці “Mercedes-Benz”, гібрыдны “Volkswagen” для паездак Папы Льва XIV за межамі Ватыкана, а таксама электрычныя мікрааўтобусы для касцельных служачых – усё гэта ўжо стала часткай штодзённага жыцця Святога Пасада.
Для забеспячэння патрэб парку электрамабіляў, які пастаянна пашыраецца, Ватыкан актыўна развівае інфраструктуру зарадных станцый. На сённяшні дзень супрацоўнікі маюць доступ да 20 станцый хуткай і 2 станцый ультрахуткай зарадкі.
Плануецца, што ўсе зарадныя станцыі будуць працаваць на ўласнай сонечнай энергіі, што адпавядае стратэгіі ўстойлівага развіцця. Для дасягнення гэтай мэты Святы Пасад плануе будаўніцтва вялікай фотаэлектрычнай станцыі на экстэрытарыяльным участку на паўночнай ускраіне Рыма. Праект прадугледжвае інавацыйны падыход, які спалучае выкарыстанне сельскагаспадарчых зямель з вытворчасцю сонечнай энергіі.
Варта дадаць, што фотаэлектрычныя сістэмы ўжо ўсталяваны на дахах Залы Паўла VI і Ватыканскіх музеяў, што дазваляе часткова забяспечваць патрэбы ў электраэнергіі ўласнымі рэсурсамі.