MAP

Кардынал Анхель Фернандэс Арціме Кардынал Анхель Фернандэс Арціме 

Кардынал Арціме – новы прадстаўнік Папы ў Асізі

Леў XIV прызначыў кардынала Анхеля Фернандэса Арціме, пра-прэфекта Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця, папскім легатам для базілік святога Францішка і святой Марыі ад Анёлаў у Асізі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Раней гэтую функцыю выконваў 85-гадовы кардынал Агасціна Валіні.

Папа Грыгорый IX падпарадкаваў базіліку святога Францішка непасрэдна Пантыфіку булай "Is qui Ecclesiam" ад 22 красавіка 1230 года, надаўшы ёй тытул "Caput et Mater" (Галава і Маці) Францішканскага ордэна. Бэнэдыкт XIV узвёў яе ў ранг патрыяршай базілікі, а Папа Павел VI прызначыў для базілікі кардынала-легата, упаўнаважанага ажыццяўляць ад імя Пантыфіка юрысдыкцыю.

Базіліка Святога Францішка ў Асізі
Базіліка Святога Францішка ў Асізі

Статус быў істотна зменены Бэнэдыктам XVI, які 9 лістапада 2005 года рэфармаваў кіраванне асізскімі святынямі "для забеспячэння больш эфектыўнага супрацоўніцтва паміж дзейнасцю, якая вядзецца як у Базіліцы Святога Францішка (з прылеглым Святым кляштарам), так і ў Базіліцы Святой Марыі ад Анёлаў (з далучаным кляштарам) і душпастырствам дыяцэзіі Асізі-Ночэра Умбра-Гуальда Тадзіна".

Гэты Папа надаў біскупу Асізі "юрысдыкцыю, прадугледжаную законам, над касцёламі і законнымі дамамі ў адносінах да ўсёй душпастырскай дзейнасці", якая праводзіцца ў абедзвюх базіліках і звязаных з імі кляштарах.

Кардынал Арціме, які паходзіць з кангрэгацыі салезіянаў, будзе мець задачу ўмацоўваць сваім аўтарытэтам цесныя сувязі паміж гэтымі святымі месцамі і Апостальскай Сталіцай.
 

17 ліпеня 2025, 11:13