Вайна, дзе пераступілі чырвоныя лініі: кардынал Паралін пра Газу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Вайна без меж" – так ахарактарызаваў сітуацыю ў Газе кардынал П'етра Паралін у тэлефонным інтэрв'ю праграме “Tg2 Post” італьянскага тэлеканала “Rai”, якое выйшла ў эфір увечары 18 ліпеня 2025 года.
Як можна знішчаць і марыць голадам насельніцтва Газы?
Кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада ахарактарызаваў сітуацыю як "перасячэнне ўсіх меж" і "драматычнае развіццё падзей". Ён заклікаў правесці дакладнае расследаванне абставін нападу на касцёл Святой Сям'і ў Газе, які адбыўся ў чацвер, 17 ліпеня 2025 года. У яго выніку загінулі 3 чалавекі і 10 атрымалі раненні, сярод пацярпелых – пробашч парафіі, айцец Габрыэле Раманэлі.
Дзяржсакратар назваў тэлефонную размову прэм'ер-міністра Ізраіля Беньяміна Нетаньяху з Львом XIV "своечасовай", адзначыўшы, што "нельга было не патлумачыць Папу, не паінфармаваць непасрэдна яго пра тое, што адбылося – а сітуацыя абсалютна сур'ёзная".
Пасля такой колькасці слоў нарэшце патрэбна даць месца справам
"Цяпер, я думаю, варта чакаць тры рэчы пасля гэтай размовы з Папам Львом: па-першае, каб сапраўды сталі вядомыя рэальныя вынікі абяцанага расследавання. Першае тлумачэнне, якое было дадзена – гэта памылка, але было запэўнена, што будзе праведзена расследаванне па гэтай справе. Таму неабходна, каб яно было праведзена з усёй сур'ёзнасцю і вынікі сталі вядомыя", - падкрэсліў кардынал.
"А потым, пасля такой колькасці слоў, нарэшце патрэбна даць месца справам. Я сапраўды спадзяюся, што сказанае прэм'ер-міністрам можа ажыццявіцца ў найкарацейшы час, бо сітуацыя ў Газе сапраўды невыносная", - дадаў Дзяржаўны сакратар.
Гаворачы пра "вайну без меж", Паралін задаў рытарычнае пытанне: "Як можна знішчаць і марыць голадам усё насельніцтва Газы?". "Шмат меж ужо было перасечана. З іншага боку, мы казалі пра гэта з самага пачатку як дыпламатыя Святога Пасада: славутае пытанне прапарцыянальнасці", - адзначыў ён.
Хрысціяне – элемент памяркоўнасці на Блізкім Усходзе
Што датычыцца нападу на касцёл Святой Сям'і ў Газе, кардынал Паралін заклікаў да цярплівасці, каб даведацца, што сапраўды адбылося: "Ці сапраўды гэта была памылка, у чым можна законна сумнявацца, ці існаваў намер напрамую ўдарыць па хрысціянскім храме, ведаючы, наколькі хрысціяне з'яўляюцца элементам памяркоўнасці менавіта ў рамках Блізкага Усходу, а таксама ў адносінах паміж палесцінцамі і яўрэямі".
Адказваючы на пытанне пра магчымае пасрэдніцтва Святога Пасада ў вырашэнні канфліктаў, дыпламат падкрэсліў: "Мы застаёмся адкрытымі, больш за тое, мы прапануем свае паслугі, гэта ўжо было зроблена ў розных выпадках". Аднак ён адзначыў, што "пасрэдніцтва дзейнічае толькі ў той момант, калі абодва бакі яго прымаюць".
Вайна мае жахлівую цану для ўсіх
"Нам патрэбна палітычная воля, каб скончыць вайну, ведаючы, што кошты вайны жахлівыя для ўсіх у любым сэнсе", - заключыў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы, выказаўшы надзею на хуткае дасягненне перамір'я, пра магчымасць якога казаў прэм'ер-міністр Ізраіля Нетаньяху.