MAP

На імерсіўнай выставе "Pétros ení" На імерсіўнай выставе "Pétros ení"  

"Pétros ení": прадставілі лічбавую версію Базілікі Святога Пятра

У Ватыкане адкрылася імерсіўная выстава "Pétros ení" (Пётр тут), якая спалучае духоўнасць, мастацтва і тэхналогіі ў інавацыйным падарожжы ад жыцця святога Пятра да гісторыі базілікі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

22 ліпеня 2025 года ў Ватыкане адкрылася для публічнага наведвання выстава "Pétros ení" – імерсіўная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі апостала Пятра і найбуйнейшай хрысціянскай базілікі ў свеце. Гэта падарожжа спалучае духоўнасць, мастацтва і тэхналогіі ў унікальным сінтэзе мінулага і сучаснасці.

Больш чым проста экскурсія

Выстава размешчана ў "Актаганальных залах" (Sale Ottagone) – прасторы, якая знаходзіцца ўнутры аднаго з пілонаў, што падтрымліваюць купал базілікі. Гэтыя гістарычныя памяшканні былі адмыслова адрэстаўраваныя для выставы майстрамі Фабрыкі Святога Пятра і ўпершыню адкрытыя для публікі.

"Я шчыра спадзяюся, што гэтая арыгінальная віртуальная рэканструкцыя Базілікі Святога Пятра, распрацаваная на аснове жыцця апостала, якому яна прысвечана, зможа абудзіць у сэрцы кожнага наведвальніка тое пытанне сэнсу, якое глыбока жыве ў чалавечай душы", - адзначыў кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэсбітэр ватыканскай базілікі.

Іерарх падкрэсліў, што маршрут, які прапануецца праз архітэктурнае і дэкаратыўнае развіццё святыні на працягу стагоддзяў, "хоча быць больш чым проста наведваннем: гэта запрашэнне па-новаму адкрыць прыгажосць і значэнне гэтага храма, дазваляючы сабе духоўна дакрануцца да веры тых, хто яго пабудаваў".

Уваход на імерсіўную выставу "Pétros ení"
Уваход на імерсіўную выставу "Pétros ení"

Лічбавы блізнюк базілікі

"Pétros ení: Saint Peter's Digital Experience" – гэта духоўнае падарожжа праз час, пабудаванае вакол постаці святога Пятра і актуальнасці яго сведчання, якое адлюстроўваецца ў гісторыі базілікі і яе жывой супольнасці.

Маршрут на апавядальным узроўні складаецца з трох частак. Першая знаёміць наведвальніка з асноўнымі этапамі жыцця святога Пятра да яго пакутніцкай смерці. Другая звязана з гісторыяй базілікі, якая паказваецца праз стагоддзі ва ўсёй сваёй эвалюцыі, пачынаючы ад вытокаў і яе будаўнічай гісторыі. Трэцяя частка дазваляе зноў адкрыць яе ролю як сэрца хрысціянства і каштоўнага скарбу мастацтва і культуры ўсяго чалавецтва.

Праект з'яўляецца вынікам шырокага супрацоўніцтва паміж Фабрыкай Святога Пятра, “Microsoft”, “Iconem”, “Dadada” і іншымі міжнароднымі партнёрамі. Яго ядром з'яўляецца працэс, які дазволіў алічбаваць Базіліку Святога Пятра ў 3D фармаце праз больш чым 400 тысяч фотаздымкаў, ствараючы дакладнага "лічбавага блізнюка", у тым ліку з падтрымкай штучнага інтэлекту.

Выстава адкрыта штодзённа з 8.30 да 17.00 (апошні ўваход). Квіткі можна набыць анлайн на або на месцы.
 

23 ліпеня 2025, 12:45