У Рыме адкрылі тры інклюзіўныя маршруты да Святой Брамы
Марыя Валодзіна - Vatican News
Маршруты пачынаюцца з трох плошчаў: П’яца-дэль-Рызарджымента, П’яцца Піа і П’яцца-сант-Уфіцы. Па дарозе пілігрымы могуць карыстацца спецыяльнымі QR-кодамі, якія забяспечваюць доступ да інфармацыйных матэрыялаў у аўдыё-, відэа- і тэкставым фарматах на англійскай, італьянскай і міжнароднай мове жэстаў, а таксама на спрошчанай італьянскай і англійскай мовах і ў піктаграмах. Усе тэксты адаптаваныя для людзей з парушэннямі зроку і дыслексіяй. Створаны таксама візуальна-тактыльныя карты з рэльефнымі элементамі, шрыфтам Брайля і іншымі шрыфтамі.
Акрамя таго, пешаходныя маршруты пазначаны вялікімі каляровымі слядамі з лагатыпамі Юбілею надзеі, якія нанеслі на тратуар на адлегласці 5 метраў адзін ад аднаго. Іх мэта – накіроўваць пілігрымаў да Базілікі Святога Пятра.
Мэр Рыма Раберта Гуальцьеры адзначыў, што новы праект мае вялікае значэнне, бо робіць інфармацыю даступнай для кожнага чалавека і служыць прыкладам сучаснай інклюзіўнай камунікацыі.
Праект быў рэалізаваны сумесна Камісарам Юбілейнага года, Дыкастэрыяй па евангелізацыі, Службай грамадзянскай абароны Рыма і камандай экспертаў па інклюзіўнай камунікацыі. Ініцыятыву курыравала сястра Вероніка Данатэла, кіраўніца службы душпастырства людзей з інваліднасцю пры Канферэнцыі Біскупаў Італіі.
Больш падрабязная інфармацыя на сайце: