Тагле: дастаткова грошай на зброю, але не на ежу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Дастаткова грошай на зброю, але не хапае на ежу, жыллё, лекі і адукацыю. Дыскрымінацыя, няроўнасць і маніпуляцыя людзьмі супярэчаць запавету ў крыві Езуса", - такое моцнае папярэджанне прагучала 1 ліпеня 2025 года ад кардынала Луіса Антоніа Тагле падчас эўхарыстычнай цэлебрацыі ў ватыканскай базіліцы.
Юбілейнае мерапрыемства аб'яднала вернікаў з усяго свету, якія шануюць Найдаражэйшую Кроў Езуса. Падзея адбылася ў дзень урачыстасці, звязанай з набажэнствам, якое ў XIX стагоддзі актыўна распаўсюджваў святы Гаспар дэль Буфала.
Кардынал разважаў над паняццем запавету, які "не ўспрымаецца сур'ёзна" ў свеце, дзе падзелы "дасягаюць разбуральных маштабаў". Ён падкрэсліў, што ў крыві Езуса здзяйсняецца "новы і дасканалы запавет": Бог запэўнівае, што "ніколі не пакіне нас", а чалавек клянецца ў поўнай вернасці.
З ліста святога Паўла да Эфесцаў, як адзначыў Тагле, выяўляецца яшчэ адзін важны аспект – "нараджэнне новай прыміранай супольнасці", дзе вучні з розных народаў і культур "ужо не чужынцы, але суграмадзяне і члены адной сям'і".
"У нашым свеце ніхто не павінен разглядацца як чужынец, пагроза ці казёл адпушчэння, але як сусед, брат і сястра", - падкрэсліў кардынал, заклікаючы будаваць свет, дзе запавет у крыві Хрыста стане асновай для пераадолення падзелаў, няроўнасці і несправядлівасці.