MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад у ААН: ствараць умовы для росквіту кожнага чалавека

Развіццё – гэта не толькі эканамічны рост, але і стварэнне ўмоў для духоўнага, сацыяльнага і матэрыяльнага дабрабыту кожнага чалавека, - нагадаў арцыбіскуп Габрыэле Кача на Форуме па ўстойлівым развіцці ў Нью-Ёрку.

Марыя Валодзіна - Vatican News

22 ліпеня 2025 года Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН прыняў удзел у агульных дэбатах Палітычнага форума высокага ўзроўню Эканамічнага і сацыяльнага савета (ЭКАСАС). У сваёй заяве ён падкрэсліў, што ААН была заснавана на прынцыпах міру, міжнароднага супрацоўніцтва, абароны правоў чалавека і сацыяльна-эканамічнага прагрэсу ўсіх народаў. Гэтыя каштоўнасці і сёння з’яўляюцца асновай развіцця, якое павінна паважаць годнасць кожнага чалавека і ўмацоўваць салідарнасць паміж нацыямі.

Дыпламат звярнуў увагу на тое, што нягледзячы на прыняцце Парадку дня на перыяд да 2030 года, мільёны людзей працягваюць жыць у крайняй галечы, пакутуюць ад голаду і не маюць доступу да адукацыі і аховы здароўя.

Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў надаваць прыярытэтную ўвагу ўсебаковаму развіццю чалавека, якое ахоплівае духоўны, сацыяльны і матэрыяльны дабрабыт кожнага. Развіццё – гэта не толькі эканамічны рост, але і заклік да стварэння ўмоў, у якіх кожны можа квітнець, з асаблівым клопатам пра найбольш уразлівых: дзяцей, пажылых і бедных.

Арцыбіскуп Кача нагадаў словы Льва XIV аб неабходнасці пераадолець глабальную няроўнасць, якая вядзе да глыбокага падзелу кантынентаў, краін і нават асобных супольнасцяў. Ён выказаўся ў падтрымку абнаўлення сістэмы шматбаковага супрацоўніцтва, заснаванай на фундаментальных прынцыпах агульнага дабра, а таксама нагадаў пра неабходнасць інвестыцый у сям'ю, якасную адукацыю і ахову здароўя.

23 ліпеня 2025, 12:56