MAP

Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН 

Святы Пасад у ААН: спісанне даўгоў бедных краін – маральны імператыў

Міжнародная супольнасць нясе маральную і палітычную адказнасць за аказанне дапамогі краінам у дасягненні Мэт устойлівага развіцця, - нагадаў арцыбіскуп Габрыэле Кача на Форуме па ўстойлівым развіцці ў Нью-Ёрку.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Выступаючы 15 і 16 ліпеня 2025 года на дзвюх сесіях Форума высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці, які праходзіць у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, Пастаянны назіральнік Святога Пасада звярнуўся да развітых дзяржаў з заклікам палегчыць дзяржаўную запазычанасць краінам на шляху развіцця.

Па словах іерарха, міжнародная супольнасць нясе маральную і палітычную адказнасць за садзейнічанне ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця, асабліва ў малых астраўных краінах, афрыканскіх і іншых дзяржавах, якія змагаюцца з беднасцю і эканамічнымі цяжкасцямі.

Арцыбіскуп Кача адзначыў, што выкараненне беднасці з’яўляецца не толькі эканамічнай задачай, але і маральным абавязкам. Сёння 3,4 мільярда чалавек жывуць у краінах, якія вымушаныя выдаткоўваць на абслугоўванне дзярждоўгу больш, чым на ахову здароўя і адукацыю разам узятыя.

Дыпламат заклікаў да неадкладнага палягчэння даўгоў, уключаючы іх спісанне і рэструктурызацыю, а таксама да прадастаўлення грантаў тым дзяржавам, якія апынуліся пад даўгавым цяжарам.

Асаблівую трывогу выклікае сітуацыя ў малых астраўных краінах, 40% з якіх знаходзяцца ў стане даўгавога крызісу. Яны таксама значна больш пакутуюць ад наступстваў змены клімату і экалагічных катастроф.

Адмена даўгоў сама па сабе не з'яўляецца панацэяй, але можа змяніць перспектывы развіцця гэтых дзяржаў, дазволіўшы ім інвеставаць у такія ключавыя сферы, як інфраструктура, адаптацыя да змены клімату, ахова здароўя і адукацыя, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасада.

Юбілей заклікае нас да рэстытуцыі і пераразмеркавання несправядліва назапашанага багацця як шляху да асабістага і грамадскага прымірэння, - нагадаў у заключэнне ватыканскі дыпламат.

17 ліпеня 2025, 13:16