MAP

Выступленне сястры Веронікі Данатэла ў ААН Выступленне сястры Веронікі Данатэла ў ААН 

Святы Пасад у ААН пра важнасць інклюзіі людзей з інваліднасцю

Італьянская манахіня, сястра Вероніка Данатэла, прадставіла Святы Пасад на 18-й сесіі Канферэнцыі дзяржаў-удзельніц Канвенцыі ААН аб правах людзей з інваліднасцю. Падзея стала міжнароднай пляцоўкай для абмеркавання пытанняў інклюзіі.

Vatican News

Форум праходзіў у Нью-Ёрку з 10 па 12 чэрвеня 2025 года. Сястра Вероніка, кіраўніца службы душпастырства людзей з інваліднасцю пры Канферэнцыі Біскупаў Італіі і каардынатар праекта "Без выключэння", выступіла з дакладам, у якім распавяла пра суправаджэнне і духоўную падтрымку людзей з абмежаванымі магчымасцямі на ўсіх этапах іх жыцця. "Я была адзінай манахіняй. Людзі цікавіліся і былі прыемна здзіўленыя працай Касцёла ў гэтай сферы. Мы кідаем выклік стэрэатыпам і забабонам", - падзялілася сястра Вероніка.

Інклюзія ў любым узросце і стане

Важна суправаджаць чалавека з абмежаванымі магчымасцямі ва ўсіх абставінах і ў любым узросце, не забываючы пра падтрымку сям’і, - падкрэсліла сястра Вероніка ў размове з Vatican News. Праца Касцёла скіравана перш за ўсё на змену парадыгмы – пераадоленне культурных бар’ераў.

Многія з удзельнікаў канферэнцыі былі здзіўленыя дзейнасцю Касцёла ў гэтай сферы. Яны падыходзілі да сястры Веронікі пасля яе прамовы і казалі: "Як добра! Мы і не ведалі, што Касцёл усё гэта робіць!"

Магчымасці і небяспекі штучнага інтэлекту

Сястра Данатэла перакананая, што тэхналогіі адкрываюць новыя гарызонты для паляпшэння якасці жыцця людзей з інваліднасцю, асабліва ў Азіі. Аднак яна заклікала памятаць аб тым, што ў цэнтры ўвагі павінен заўсёды заставацца чалавек. Яна нагадала пра драматычны разрыў паміж хуткім навуковым прагрэсам і цяжкасцямі, з якімі сутыкаюцца звычайныя сем’і, асабліва ў рэгіёнах, дзе ідуць войны, напрыклад, у Лацінскай Амерыцы і Афрыцы, дзе часам не гарантуюцца нават мінімальныя, базавыя правы чалавека. “Мы павінны пераадолець гэты вялікі разрыў", - адзначыла прадстаўніца Святога Пасада.

Трайная маргіналізацыя

Сястра Вероніка заклікала не выпускаць з-пад увагі сапраўды крытычныя сітуацыі – выпадкі так званай “трайной маргіналізацыі”, калі чалавекам з інваліднасцю з’яўляецца жанчына і мігрантка. У такіх выпадках патрэбна пастырская сталасць і падрыхтоўка вельмі высокага ўзроўню.

Ватыкан для ўсіх

У якасці канкрэтнага прыкладу інклюзіўнай ініцыятывы сястра Вероніка прадставіла мабільны дадатак "Ватыкан для ўсіх" (Vatican for All), які дапамагае людзям з інваліднасцю паўнавартасна ўдзельнічаць у жыцці Касцёла і адчуваць сябе яго часткай.

02 ліпеня 2025, 11:45