Святы Пасад у ААН: развіццё – для людзей, а не для эканомікі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН нагадаў аб тым, што развіццё павінна служыць дабрабыту кожнага чалавека, асабліва бедных і ўразлівых, спрыяючы справядлівасці, салідарнасці і міру. Яно не павінна служыць эканоміцы, а павінна быць накіравана на ўмацаванне годнасці, дадзенай Богам кожнай чалавечай асобе.
Павага да чалавечай годнасці азначае інтэгральнае развіццё чалавека, якое ахоплівае эканамічны, сацыяльны, экалагічны, духоўны і культурны прагрэс. Адпаведна, фінансаванне развіцця не павінна быць засяроджана выключна на эканоміцы, а павінна грунтавацца на комплексным падыходзе, які спрыяе росквіту кожнага чалавека, кожнай сям'і, кожнай супольнасці і нацыі без выключэння, - сцвердзіў дыпламат.
Праблемы сучаснай фінансавай архітэктуры
Сучасная фінансавая сістэма не ў поўнай меры адлюстроўвае гэта бачанне цэласнага развіцця і часта не служыць агульнаму дабру. Мільёны людзей па-ранейшаму не маюць чыстай вады, ежы, якаснай адукацыі, медыцынскай дапамогі. Папа Леў XIV заклікае пераадолець гэтую глабальную няроўнасць, - нагадаў назіральнік Святога Пасада ў ААН.
Непад'ёмны доўг перашкаджае развіццю
Непрымальны ўзровень запазычанасці з'яўляецца адной з самых сур'ёзных перашкод на шляху развіцця. Празмерныя абавязацельствы па абслугоўванні доўгу абмяжоўваюць магчымасці дзяржаў інвеставаць у ахову здароўя, адукацыю, базавую інфраструктуру і адаптацыю да змены клімату, - зазначыў арцыбіскуп Кача.
“Калі пагашэнне доўгу ставіць пад пагрозу здольнасць краіны ствараць базавыя ўмовы для ўсебаковага развіцця, то маральная легітымнасць такога доўгу павінна быць пастаўлена пад сумнеў”, - падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасада, дадаючы, што зніжэнне пазыковага цяжару з'яўляецца маральным імператывам.
У юбілейны для Касцёла год Святы Пасад заклікае крэдытораў “абнавіць сваю прыхільнасць усёабдымнаму і своечасоваму аблягчэнню пазыковага цяжару, у тым ліку праз спісанне запазычанасці, асабліва для краін, якія знаходзяцца ў асаблівых абставінах”, - адзначыў іерарх, заклікаючы таксама “ліквідаваць сістэмныя прабелы з дапамогай рэформы міжнародных фінансавых механізмаў”.
Неабходнасць шматбаковага супрацоўніцтва
Вырашэнне праблем развіцця патрабуе скаардынаваных дзеянняў і моцнага шматбаковага супрацоўніцтва на аснове салідарнасці і агульнага дабра. “Ніводная краіна не можа вырашыць фінансавыя праблемы ў адзіночку”. Толькі разам, як адна чалавечая сям’я, магчыма дасягнуць усебаковага развіцця чалавека, - сцвердзіў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН.