Святы Пасад на форуме ААН: ахова здароўя і гендарная роўнасць
Марыя Валодзіна - Vatican News
14-23 ліпеня 2025 года ў штаб-кватэры ААН праходзіць Форум высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці. Яго асноўная мэта – ацаніць прагрэс па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, прынятых у рамках Парадку дня ААН на перыяд да 2030 года. 14-15 ліпеня Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН прыняў удзел у сесіях па агляду мэты 3 (ахова здароўя) і мэты 5 (гендарная роўнасць).
Ахова здароўя
Дыпламат нагадаў, што здароўе – гэта не проста адсутнасць хвароб, а цэласны стан фізічнага, псіхалагічнага, сацыяльнага, духоўнага і эмацыйнага дабрабыту. Гэта жыццёва важная частка цэласнага развіцця чалавека.
Арцыбіскуп Кача адзначыў, што прагрэс у дасягненні мэты 3 застаецца нераўнамерным. Асноўнымі перашкодамі ён назваў слабыя сістэмы аховы здароўя, недахоп фінансавання і рост неінфекцыйных хвароб. Пандэмія COVID-19 выявіла структурныя недахопы і паглыбіла няроўнасць у доступе да медыцынскай дапамогі.
Іерарх заклікаў да комплекснай палітыкі, якая б улічвала ўзаемасувязь мэты 3 з іншымі мэтамі, уключаючы барацьбу з беднасцю (мэта 1), голадам (мэта 2), адукацыю (мэта 4) і чыстую ваду (мэта 6), а таксама партнёрства і фінансаванне (мэта 17).
Прадстаўнік Святога Пасада звярнуў увагу на неабходнасць абароны найбольш уразлівых: ненароджаных дзяцей, пажылых, людзей з інваліднасцю, мігрантаў і тых, хто жыве ў зоне канфліктаў. Ён нагадаў, што згодна з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, кожны мае права на жыццёвы ўзровень, неабходны для падтрымання здароўя і дабрабыту, уключаючы медыцынскае абслугоўванне.
Арцыбіскуп Кача таксама падкрэсліў, што ў цэнтры аховы здароўя павінен заставацца чалавек, а не ідэалагічныя ці эканамічныя меркаванні. Ён падкрэсліў важную ролю каталіцкіх медыцынскіх устаноў, якія складаюць каля чвэрці ўсіх медустаноў у свеце. Касцёл застаецца адданым місіі аказання дапамогі найбяднейшым слаям насельніцтва і жыхарам самых аддаленых рэгіёнаў.
Пашырэнне правоў і магчымасцей жанчын і дзяўчынак
Арцыбіскуп Кача падкрэсліў, што гендарная роўнасць караніцца ў дадзенай Богам годнасці кожнага чалавека – як мужчыны, так і жанчыны. Гэта годнасць з’яўляецца неад’емнай і не залежыць ад знешніх абставін.
Прызнанне роўнасці – толькі адпраўная кропка. “Роўнасць патрабуе стварэння ўмоў для ўсебаковага развіцця жанчын і дзяўчынак, уключаючы доступ да якаснай адукацыі і аховы здароўя, а таксама годную працу і ўдзел жанчын ва ўсіх сферах жыцця", - адзначыў прадстаўнік Святога Пасада.
Дыпламат звярнуў увагу на неабходнасць выкаранення сістэмных перашкод, такіх як беднасць, гвалт і сацыяльную ізаляцыю, якія перашкаджаюць жанчынам і дзяўчынкам у поўнай меры рэалізаваць свой патэнцыял. Барацьба з гэтымі з’явамі – маральны імператыў і ключ да доўгатэрміновага развіцця.
У той жа час арцыбіскуп Кача падкрэсліў важнасць абароны роляў мужчын і жанчын у сем’ях і супольнасцях. Ён адзначыў, што часта міжнародныя праграмы трактуюць гендарную роўнасць выключна як пытанне асабістай аўтаноміі, ігнаруючы адносіны і адказнасць. “Палітыка, накіраваная на падтрымку і абарону сям'і, мацярынства і клопату аб дзецях, павінна ажыццяўляцца разам з заахвочваннем роўнасці паміж жанчынамі і мужчынамі”, - сцвердзіў ён.
Трэба пазбягаць падыходаў, якія зводзяць жанчын да інструментаў дасягнення эканамічных ці палітычных мэт. У цэнтры намаганняў у галіне развіцця павінна быць годнасць кожнай жанчыны і дзяўчыны", - заявіў прадстаўнік Святога Пасада.