Святы Пасад дазволіў толькі прыватны культ на гары Сант-Анофрыа
Марыя Валодзіна - Vatican News
Ватыканская дыкастэрыя пацвердзіла рашэнне біскупа Трывэнта Каміла Чыбоці адносна меркаваных аб’яўленняў Маці Божай на гары Сант-Анофрыа ў мясцовасці Аньонэ ў Малізэ, якія, як паведамляецца, адбываюцца з 2010 года.
У афіцыйным лісце кардынала Віктара Мануэля Фернандэса, прэфекта Дыкастэрыі веравучэння, падкрэсліваецца, што хоць і ёсць некаторыя “станоўчыя знакі”, усё ж прысутнічаюць і патэнцыйныя рызыкі і нявырашаныя пытанні, якія патрабуюць удакладнення ў рамках дыялогу з удзельнікамі гэтага духоўнага досведу.
Дыкастэрыя вынесла рашэнне "prae oculis habeatur", якое азначае неабходнасць далейшага вывучэння, распазнавання і ўважлівага нагляду.
З улікам гэтага, Дыкастэрыя забараняе ўсе формы публічнага культу, літургічныя набажэнствы, пілігрымкі, а таксама распаўсюджанне пасланняў без афіцыйнага дазволу. Пры гэтым дапускаецца прыватны культ, індывідуальныя наведванні і малітвы на месцы меркаваных аб’яўленняў пры ўмове пакоры і гатоўнасці да дыялогу з касцёльнымі ўладамі.
Магчыма, у будучыні, пасля ўдакладнення няясных аспектаў і супярэчнасцяў з боку атрымальнікаў гэтага духоўнага досведу, можа быць разгледжана магчымасць надання гэтаму культу афіцыйнага дазволу "nulla osta".