Святы Джон Генры Ньюман будзе абвешчаны Доктарам Касцёла
Папа ўхваліў рашэнне аб наданні тытула Доктара Касцёла святому Джону Генры Ньюману. Гэта адбылося 31 ліпеня 2025 года падчас аўдыенцыі для кардынала Марчэла Сэмерара, прэфекта Дыкастэрыі па справах кананізацыі.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што падчас аўдыенцыі Святы Айцец ухваліў станоўчае меркаванне пленарнай сесіі кардыналаў і біскупаў – членаў Дыкастэрыі па справах кананізацыі – адносна надання ў бліжэйшы час тытула Доктара Паўсюднага Касцёла святому Джону Генры Ньюману, кардыналу Святога Рымскага Касцёла, заснавальніку Араторыя святога Філіпа Нэры ў Англіі.
Джон Генры Ньюман – былы англіканін, адзін з найбольш выбітных каталіцкіх дзеячаў у гісторыі Вялікабрытаніі. Славуты англійскі пастыр, тэолаг і пісьменнік быў беатыфікаваны Папам Бэнэдыктам XVI у Лондане ў верасні 2010 года. Кананізацыю Ньюмана здзейсніў у верасні 2019 года ў Ватыкане Папа Францішак.
31 ліпеня 2025, 12:24