Паралін: у названых Папам імёнах трох ахвяр – боль усёй Газы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас малітвы "Анёл Панскі" ў нядзелю 20 ліпеня Папа прамовіў імёны трох ахвяр ізраільскага нападу, які адбыўся трыма днямі раней на касцёл Святой Сям'і ў Газе, але ў гэтых імёнах "прысутнічаюць усе ахвяры" Газы. Гэта пацвердзіў СМІ Святога Пасада кардынал П'етра Паралін, які праводзіць перыяд адпачынку ў Ф'ера-дзі-Прым'ера ў Трэнціна.
"Святы Айцец падчас сённяшняй малітвы "Анёл Панскі", дзе ён узгадаў трагічныя падзеі ў Газе апошніх дзён, - падкрэсліў іерарх, - таксама хацеў выразна ўспомніць некаторых ахвяр. Відавочна, што ў імёнах гэтых ахвяр прысутнічаюць усе ахвяры трагедыі Газы".
"Няма абсалютна ніякай розніцы паміж аднымі і другімі, усе з'яўляюцца ахвярамі непрымальнага насілля, усе з'яўляюцца ахвярамі канфлікту, які павінен спыніцца як мага хутчэй. Мы носім іх усіх у нашых сэрцах і молімся за кожнага з іх. Просім у Бога міру і спакою, а таксама, каб пакуты і пралітая кроў не былі дарэмнымі, і каб гэтая трагедыя як мага хутчэй скончылася", - заявіў кардынал Паралін.