Новая імша аб абароне Божага стварэння з'явіцца ў Рымскім імшале
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дыкастэрыя па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў 3 ліпеня 2025 года абнародавала дэкрэт аб уключэнні формулы Імшы "pro custodia creationis" (аб ахове стварэння) у Рымскі імшал. Дакумент датуецца 8 чэрвеня 2025 года.
Справа стварэння – каштоўны скарб, які трэба перадаваць з пакалення ў пакаленне
"Таямніца стварэння – гэта пачатак гісторыі збаўлення, якая дасягае сваёй вяршыні ў Хрысце і ад Яго атрымлівае вырашальнае святло," - адзначаецца ў дакуменце, падпісаным прэфектам Дыкастэрыі кардыналам Артурам Рошэ і сакратаром арцыбіскупам Віторыа Франчэска Віолам.
Святое Пісанне заахвочвае чалавека да сузірання таямніцы стварэння і ўдзячнасці Найсвяцейшай Тройцы за гэты знак Яе дабрыні. Стварэнне, "як каштоўны скарб, трэба любіць, аберагаць і адначасова развіваць, а таксама перадаваць з пакалення ў пакаленне".
Справа стварэння знаходзіцца пад сур'ёзнай пагрозай
"У наш час відавочна, што справа стварэння знаходзіцца пад сур'ёзнай пагрозай з прычыны безадказнага выкарыстання і злоўжывання дабротамі, якія Бог даверыў нашаму клопату," - гаворыцца ў Дэкрэце.
Кардынал Рошэ падкрэслівае глыбокую сувязь паміж Эўхарыстыяй і клопатам аб навакольным асяроддзі, цытуючы энцыкліку "Laudato si'": "У Эўхарыстыі свет, які выйшаў з рук Бога, вяртаецца да Яго ў радасным і поўным пакланенні... Таму Эўхарыстыя з'яўляецца крыніцай святла і матывацыі для нашых клопатаў аб навакольным асяроддзі".
Кожная малітва – крок да адказнага стаўлення да Божага стварэння
Новы фармуляр Імшы будзе ўключаны ў Рымскі імшал, трэцяе тыповае выданне (2008), сярод "Імшаў і малітваў у розных патрэбах". Яго ўжыванне рэгулюецца главой VII Агульнага ўступу да Рымскага імшала і ўласнымі рубрыкамі.
Фармуляр змяшчае ўваходны антыфон з 18-га псальма, калекту, малітву над дарамі, антыфону на камунію з 97-га псальма і малітву пасля камуніі. Таксама прадугледжаны чытанні са Старога (Мудр 13, 1-9) і Новага Запаветаў (Кал 1, 15-20), рэспансарыйныя псальмы і евангельскія чытанні (Мц 6, 24-34 або Мц 8, 23-27).
Літургія становіцца голасам усяго стварэння, якое славіць свайго Створцу
Папа Леў XIV не толькі зацвердзіў тэкст, але і загадаў распаўсюдзіць яго. Дыкастэрыя па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў абвясціла гэты тэкст тыповым, гэта значыць, афіцыйным для ўсяго Касцёла.
Уключэнне новых літургічных тэкстаў у Рымскі імшал падкрэслівае неабходнасць залучэння вернікаў у выкананне свайго паклікання быць адказнымі ахоўнікамі Божага стварэння.