MAP

Арцыбіскуп Тыбо Верні з Папам Львом XIV Арцыбіскуп Тыбо Верні з Папам Львом XIV 

Папа прызначыў новага старшыню камісіі па абароне непаўналетніх

5 ліпеня 2025 года Святы Айцец прызначыў новым старшынём Папскай камісіі па абароне непаўналетніх мансіньёра Тыбо Верні, арцыбіскупа Шамберы, біскупа Сэн-Жан-дэ-Мор'ен і Тарантэз. Ён змяніў на гэтай пасадзе кардынала Шона Патрыка О'Мэлі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Да прызначэння на пасаду старшыні Папскай камісіі па абароне непаўналетніх арцыбіскуп Верні быў яе членам. У французскім епіскапаце ён адказваў за барацьбу са злоўжываннямі ў Касцёле, прысвяціўшы сябе слуханню і суправаджэнню ахвяр, а таксама ўзаемадзеянню з грамадзянскімі і судовымі ўладамі. Іерарх мае намер працягваць працу свайго папярэдніка, амерыканскага капуцына, кардынала О'Мэлі. Аб гэтым ён паведаміў у заяве, апублікаванай у дзень свайго прызначэння.

“З глыбокай пакорай і бязмернай удзячнасцю я дзякую Святому Айцу, Папе Льву XIV, за прызначэнне на пасаду старшыні Папскай камісіі па абароне непаўналетніх. Я ўсцешаны даверам, які ён мне аказаў, і цалкам ўсведамляю сур’ёзнасць і святасць місіі, даручанай камісіі: дапамагчы Касцёлу стаць яшчэ больш пільным, адказным і спагадлівым у яго місіі па абароне самых уразлівых сярод нас”, - напісаў арцыбіскуп Верні.

“Я хацеў бы выказаць сардэчную падзяку майму папярэдніку, кардыналу Шону О'Мэлі, чыё мужнае і прарочае кіраўніцтва пакінула глыбокі след не толькі ў Касцёле, але і ў грамадстве ў цэлым. У цяжкія часы кардынал О'Мэлі быў маральным арыенцірам для вернікаў і людзей добрай волі ва ўсім свеце. Ён няўхільна адстойваў неабходнасць прыслухоўвацца да галасоў людзей, якія перажылі злоўжыванні, даючы ім магчымасць быць пачутымі, усур'ёз успрынятымі і суправаджаць іх у пошуках праўды, справядлівасці, аздараўлення і значных інстытуцыйных рэформ. Яго спадчына – гэта мужная вернасць Евангеллю і годнасці кожнага чалавека”, - падзякаваў новы старшыня камісіі.

Іерарх падкрэсліў, што мае намер працягваць дзейнасць камісіі. “Нашы прыярытэты будуць скіраваны на падтрымку Касцёлаў, асабліва тых, якія яшчэ спрабуюць прыняць неабходныя меры па абароне непаўналетніх. Мы будзем садзейнічаць прынцыпу субсідыярнасці і справядлівага размеркавання рэсурсаў, каб усе супольнасці Касцёла, незалежна ад геаграфічнага становішча ці абставін, маглі забяспечваць найвышэйшыя стандарты абароны непаўналетніх”, - гаворыцца ў паведамленні.

“Мы разумеем, што па гэтаму шляху пераўтварэння мы крочым разам. Як заўсёды нагадваў Папа Францішак, толькі пры гэтай умове Евангелле можа быць сапраўды пачутым і прынятым. Я разлічваю на прафесійную дапамогу экспертаў, мудрасць і адданасць камісіі, яе членаў і супрацоўнікаў, каб разам выконваць гэтую місію”, - напісаў арцыбіскуп Верні.

05 ліпеня 2025, 12:11