Папа прызначыў новага дырэктара Ватыканскай абсерваторыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Брат Рычард Д’Суза нарадзіўся ў 1978 годзе ў Індыі. Уступіў у Таварыства Езуса ў 1996 годзе, святарскае пасвячэнне атрымаў у 2011 годзе. Мае ступень бакалаўра фізікі Мумбайскага ўніверсітэта і магістра фізікі Гейдэльбергскага ўніверсітэта, а таксама доктарскую ступень у галіне астраноміі Мюнхенскага ўніверсітэта. Праводзіў даследаванні ў Інстытуце астрафізікі імя Макса Планка (Германія). Праходзіў постдоктарскую падрыхтоўку ў Мічыганскім універсітэце (ЗША). З 2016 года працуе ў Ватыканскай абсерваторыі, а з 2022 года ўзначальвае езуіцкую супольнасць пры абсерваторыі.
Навуковая дзейнасць айца Д’Сузы прысвечана такой з’яве як зліццё галактык і яе ўплыў на Млечны Шлях. Ён – аўтар шматлікіх навуковых публікацый, удзельнік некалькіх міжнародных даследчых груп і член Міжнароднага астранамічнага саюза. У яго гонар быў названы астэроід.
Яго папярэднік, брат Гай Кансальманьё, працягне працу ў якасці штатнага астранома Ватыканскай абсерваторыі і старшыні Фонду Ватыканскай абсерваторыі, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Арызоне (ЗША). На яго думку, новы дырэктар валодае “дальнабачнасцю і мудрасцю, неабходнымі для развіцця абсерваторыі ва ўмовах імклівага прагрэсу ў астранамічных даследаваннях, асабліва ўлічваючы яго досвед працы з касмічнымі тэлескопамі і перадавымі вылічальнымі тэхналогіямі”.