Кастэль-Гандольфа: гісторыя, мастацтва, цікавыя факты
Тэкст: Паола Андарца / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News
10 мая 1626 года Папа Урбан VIII стаў першым у гісторыі Пантыфікам, які прыбыў на летні адпачынак у Кастэль-Гандольфа. З таго часу гэта мястэчка стала папскай летняй рэзідэнцыяй.
На руінах вілы Даміцыянa
ўзніклі на рэштках раскошнай старажытнай вілы рымскага імператара Даміцыяна (81-96 гг. н.э.), вядомай як Albanum Domitiani, якая месцілася на беразе возера Альбана і займала плошчу ў 14 квадратных кіламетраў. У Сярэднявеччы генуэзская сям’я Гандольфі пабудавала на руінах імператарскай вілы замак, які потым, да 1596 года, належаў роду Савелі. Затым, у выніку неплатаздольнасці ўладальнікаў, замак быў канфіскаваны Апостальскай палатай, і ў 1604 годзе далучаны да маёмасці Святога Пасада.
Гісторыя папскай летняй рэзідэнцыі
Па жаданні Папы Урбана VIII (Барберыні) старажытны замак ператварылі ў летнюю рэзідэнцыю. Будаўнічыя працы былі даручаны Карла Мадэрна, а роспісы – Сімонэ Ладжы. З цягам стагоддзяў Пантыфікі пашыралі і ўпрыгожвалі сваю загарадную рэзідэнцыю: Аляксандр VII з дапамогай Берніні, Клімент XIV – далучыўшы суседнюю Вілу Чыба, Павел V – адрэстаўраваўшы акведукі. Пасля 1870 года, калі Папская дзяржава скончыла сваё існаванне, рэзідэнцыя была пакінута прыкладна на 60 гадоў.
Сады і астранамічная абсерваторыя
Пасля Латэранскіх пагадненняў 1929 года Кастэль-Гандольфа зноў стаў папскай летняй рэзідэнцыяй. Была праведзена рэстаўрацыя і аб'яднаны тры паркі: Сад маўра, Віла Чыба і Віла Барберыні. У 1934 годзе сюды была пераведзена , бо ў Рыме бракавала начной цемры для якасных назіранняў.
Чаканне Льва XIV
Апошнім Папам, які адпачываў у Кастэль-Гандольфа, быў Бэнэдыкт XVI. Ён жыў тут да пераезда ў ватыканскі кляштар Mater Ecclesiae. Цяпер мясцовыя жыхары, якія на працягу стагоддзяў захоўваюць цёплыя сувязі з Наступнікамі Пятра, радуюцца прыбыццю Льва XIV, які будзе адпачываць у Кастэль-Гандольфа з 6 па 20 ліпеня 2025 года і некалькі дзён у жніўні.
Святы Айцец ужо двойчы наведваў рэзідэнцыю: 29 мая, калі завітаў у мястэчка “Laudato Sì” і ў Апостальскі палац, і 3 ліпеня, калі правяраў ход работ на Віле Барберыні. У гэты перыяд музей старажытнасцяў Antiquarium, які знаходзіцца на першым паверсе будынка будзе закрыты для наведвальнікаў. Antiquarium быў часткай музейнага комплексу, адкрытага для публікі па ініцыятыве Папы Францішка. Ён захоўвае каштоўныя археалагічныя знаходкі, знойдзеныя ў перыяд 1841-1931 гадоў.
Папа Францішак, хоць і не жыў там, тройчы наведваў Кастэль-Гандольфа. Упершыню – 23 сакавіка 2013 года, падчас знаходжання там Бэнэдыкта XVI. У лютым 2023 года ён прыняў рашэнне пераўтварыць частку садоў у мястэчка “Laudato Sì” – адукацыйны і сацыяльны праект інтэгральнай экалогіі.
Апостальскі палац, адкрыты для публікі
Цэнтрам музейнага комплексу з’яўляецца Апостальскі палац. Білеты можна набыць у касах палаца ці на сайце Ватыканскіх музеяў. Экспазіцыя ўключае выдатную мастацкую галерэю з партрэтамі ўсіх Пантыфікаў ад 1500 года да сённяшняга дня, а таксама памяшканні, у якіх праходзіла паўсядзённае жыццё Пап. Раней у гэтых пакоях маглі пабываць толькі найбліжэйшыя супрацоўнікі: Зала Кансісторыя, Зала конюхаў (Palafrenieri), Тронная зала, Зала швейцарскіх гвардзейцаў, спальня, прыватная капліца з копіяй Маці Божай Чэнстахоўскай, бібліятэка, працоўны кабінет.
Дзеці, народжаныя ў папскім ложку
Музейны комплекс таксама прапануе наведаць Гістарычныя калекцыі і новыя выставачныя прасторы, адкрытыя ў лютым 2024 года. У цяперашні час уваходны білет уключае тры выставы: “Беліні і Садома. Мука Пана”, выстава, прысвечаная габелену Рафаэля Санці з “Каменаваннем святога Стэфана”, і “Кастэль-Гандольфа 1944”. Апошняя распавядае пра тое, як дзякуючы статусу экстратэрытарыяльнасці, рэзідэнцыя стала па жаданні Пія XII прытулкам для звыш 12 тысяч бежанцаў. Гэта быў перыяд гісторыі, калі разам з трагічнымі падзеямі, такімі як бамбёжка 10 лютага, якая забрала больш за 500 жыццяў, адбываліся і шчаслівыя выпадкі. Напрыклад, у папскім ложку нарадзілася каля 40 дзяцей. Першыя два - блізняты, якіх назвалі Эўджэніа Піа і Піа Эўджэніа ў гонар Папы Пія XII (свецкае імя - Эўджэніа Пачэлі).
Праца музея працягваецца
Падчас адпачынку Льва XIV праца музейнага комплексу працягнецца, хоць у некаторыя дні графік зменіцца: у нядзелю, калі Папа правядзе “Анёл Панскі” на Плошчы свабоды і падчас іншых публічных мерапрыемстваў. Акрамя садоў, наведвальнікі змогуць трапіць у памяшканні, звычайна закрытыя для публікі: у капліцу Урбана VIII, більярдную і музычную залы. Ватыканская астранамічная абсерваторыя ў гэты перыяд будзе закрытая для публікі.
Віла Барберыні – рэзідэнцыя Льва XIV
У адрозненне ад сваіх папярэднікаў, Леў XIV будзе жыць не ў Апостальскім палацы, а ў Віле Барберыні. Спачатку гэта быў невялікі палац, пабудаваны Сцыпіёнам Вісконці ў XVII стагоддзі. У 1630 годзе вілу набыў Тадэа Барберыні, пляменнік Урбана VIII, які пашырыў будынак і перапланаваў сад, дадаўшы аліўкавыя дрэвы, садавіну, жывыя загарадзі і прагулачную дарожку над крытапортыкам Вілы Даміцыяна.
Пасля смерці Урбана VIII у 1644 годзе будаўніцтва спынілася. Яго нашчадак Мафэа Барберыні працягнуў дынастыю, і яго сын Франчэска, які стаў кардыналам, у 1706 годзе пабудаваў новы ўваход з магчымасцю праезду карэт. Пасля віла перайшла да Карнеліі Кастанцы Барберыні, якая выйшла замуж за Джуліа Чэзарэ Сакеці. Яна замовіла фрэску "Уручэнне Тадэа Барберыні ключоў ад Палестрыны", выкананую Джавані Франчэска Буанамічы.