Святы Пасад працягвае працу над вяртаннем украінскіх дзяцей
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арцыбіскуп Балонні і старшыня епіскапату Італіі ўзяў удзел у асамблеі, якая праходзіла ў Рыме. Падчас візіту ён запэўніў ва ўстойлівай салідарнасці Касцёла ў Італіі з народам Украіны, які перажывае трагедыю вайны.
Прэзідэнт Зяленскі некалькі тыдняў таму перадаў чарговы спіс дзяцей
Кардынал Дзупі звярнуў асаблівую ўвагу на гуманітарныя намаганні, накіраваныя на выратаванне ўкраінскіх дзяцей, незаконна вывезеных у Расію. Паводле яго слоў, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нядаўна перадаў чарговы спіс дзяцей, лёс якіх патрабуе высвятлення.
"У працэс уключаны два апостальскія нунцыі, нунцый у Кіеве і нунцый у Маскве, а таксама ўлады з абодвух бакоў", - прызнаўся іерарх, якога яшчэ Папа Францішак прызначыў сваім спецпасланнікам па Украіне.
Разам з тым, ён прызнаў, што працэс вяртання дзяцей, а таксама аб'яднання сем'яў і абмену палоннымі ідзе занадта павольна, паколькі існуюць значныя цяжкасці ў камунікацыі паміж бакамі і ўнутранай праверцы інфармацыі.
Умовы ўтрымання палонных застаюцца надзвычай складанымі
Кардынал Дзупі выказаў надзею на тое, што гэтыя намаганні будуць мець эфект, паколькі ўмовы ўтрымання палонных застаюцца надзвычай складанымі. "Гэтая праца працягваецца, бо ўмовы ўтрымання вязняў заўсёды надзвычай цяжкія. Мы спадзяёмся, што зможам дапамагчы яшчэ больш", - сказаў італьянскі іерарх.
Ён таксама падкрэсліў, што блізкасць, любоў і салідарнасць Касцёла ў Італіі – гэта не толькі яго асабістае служэнне як спецыяльнага прадстаўніка Папы, але супольнае намаганне ўсіх італьянскіх католікаў. Ён звярнуў увагу на выпадковы, але сімвалічны збег абставін: разам з Сінодам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Рыме праходзіць Канферэнцыя па пытаннях аднаўлення Украіны.
"Мы знаходзімся тут, каб супольна шукаць спосабы дапамогі і супрацьстаяць роспачы і трагедыі вайны з хрысціянскай надзеяй", - сказаў кардынал Дзупі.