Кардынал Гуджэроці пра пагрозу знікнення хрысціян на Усходзе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кардынал Клаўдыё Гуджэроці ў размове з СМІ Святога Пасада параўнаў сучасную сітуацыю з карцінай Франсіска Гоі "Сон розуму нараджае пачвар". Ён адзначыў, што прамова Папы ад 26 чэрвеня 2025 года падчас пленарнага пасяджэння ROACO, адлюстроўвае глыбокую занепакоенасць падзеямі ў свеце.
"Людзі губляюць тое, што стагоддзямі будавала чалавечая думка: свабоду, правы асобы, міжнароднае і гуманітарнае права", - падкрэслівае іерарх.
Прэфект адзначае, што хрысціянскі Усход заўсёды быў зямлёй мучанікаў, і так застаецца. "Сістэма гвалту змушае хрысціян уцякаць, фактычна выдаляючы іх з іх зямлі, хоць яны з'яўляюцца адным з культурных і сацыяльных фундаментаў гэтых тэрыторый", - сказаў Гуджэроці.
Кардынал выказаў асаблівую трывогу магчымым знікненнем усходніх хрысціян: "Рызыка страціць скарб, які складаецца з Айцоў Касцёла, гімнаў, малітваў, традыцый. У Целе Хрыста, а таксама ў культуры чалавецтва застанецца пустэча".
Нягледзячы на выклікі, ROACO – арганізацыя, якая аб'ядноўвае каталіцкія дабрачынныя ўстановы для каардынацыі дапамогі Усходнім Каталіцкім Цэрквам – працягвае ствараць "аазісы надзеі" і развіваць экуменічны дыялог.
"Гістарычная салідарнасць, якая сёння ажыццяўляецца паміж Касцёламі па неабходнасці, з'яўляецца выразным заклікам да еднасці, якой мы дагэтуль не дасягнулі праз тэалагічныя разважанні", - падсумаваў кардынал Гуджэроці.