Гуджэроці: сорам за няздольнасць спыніць варварства ў Газе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Газе працягваюць паміраць пад бомбамі, нават стоячы ў чарзе за кавалкам хлеба: дзеці, старыя, хворыя – снарады смерці не робяць адрознення. Учора каля сарака ахвяр ад ізраільскага агню побач з цэнтрам дапамогі, дзе сабраўся натоўп. У першыя гадзіны сёння яшчэ адно дзіця, якому было ўсяго 4 гады, памерла ад недаядання.
У пасланні кардынал Клаўдыё Гуджэроці апісвае драму Газы і гаворыць пра "сорам за няздольнасць спыніць гэтае варварства, застаючыся ля акна і назіраючы, быццам усё гэта не мае да нас дачынення і не з'яўляецца прароцтвам смерці для ўсяго чалавецтва".
Парушэнне старажытнага права прытулку
Перад "гэтым вынішчэннем", якое закранае ўсё насельніцтва, іерарх спыняецца на "нечалавечым учынку, сярод многіх іншых" – ізраільскай ваеннай атацы, якая закранула каталіцкі касцёл Святой Сям'і ў Газе тры дні таму, выклікаўшы смерць трох асоб і больш за 10 параненых. Гэта атака, - сцвярджае ён, - "парушае старажытнае права прытулку, прызнанае як прагрэс цывілізацыі": у гэтай парафіі з пачатку вайны шукаюць прытулку сотні людзей.
Кардынал задаецца пытаннем "з жахам", ці быў гэты акт "жаданым і запланаваным". Ён выказвае сваю блізкасць параненым і пробашчу, айцу Габрыэлю Раманэлі, які прымае і дае прытулак усім, хто просіць. Ён дзякуе патрыярху Піцабалу і хрысціянскай супольнасці Святой Зямлі за "сведчанне чалавечнасці і братэрства", за блізкасць да тых, хто "пакінуты на краі дарогі гэтай агульнай чалавечай гісторыі".
Малітва аб пробліску справядлівасці
"Мы суправаджаем вас малітвай, каб Бог уварваўся ў гэты натоўп глухіх і сляпых, якія аддаюць перавагу трэску зброі, толькі таму, што Ён не дазваляе ім чуць пакутлівы крык пакінутых. Бог ёсць суддзя, асабліва там, дзе справядлівасць ігнаруецца і падаўляецца, гэта значыць там, дзе спрабуюць забіць самога Бога, Які атаясамліваецца з ахвярай, якую ніхто не абараняе. Няхай Ён дазволіць нам прачнуцца ад сну", - заключае кардынал Гуджэроці