Газа: нельга адварочвацца ад жахаў
Тэкст: Масіміліяна Менікеці / Адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News
Колькі яшчэ трэба чакаць, што яшчэ мы павінны ўбачыць, каб спыніць варварства вайны, якое штодня адбываецца ў Газе? Кожная вайна – гэта жах, які трэба спыніць: ва Украіне, Судане, М’янме, Емене… Забойства нават аднаго чалавека змяняе ўсё чалавецтва, аднак у Газе людзі паміраюць ужо не толькі ад жахаў вайны: яны гінуць ад голаду, не толькі ад зброі: дзеці перастаюць плакаць, старыя – абдымаць, дарослыя – хадзіць, бо сэрца спыняецца, цела больш не мае рэсурсаў.
Без ежы і вады людзі паміраюць ад галоднай смерці ў інфармацыйным, тэхналагічным свеце, які распавядае, дакументуе і прагна спажывае кожную падзею з дапамогай відэа- і фотарэпартажаў, але так і не здолеў перамагчы бяздушнасць. Перад усім гэтым жахам і гвалтам нельга заставацца абыякавымі, нельга анестэзаваць сябе або адвесці позірк. Кожны з нас пакліканы быць будаўніком міру, гасціннасці, дыялогу, братэрства, надзеі. Кожны з нас мае голас, які трэба выкарыстаць для падтрымкі дабра, годнасці і жыцця. І калі гэтыя шматлікія галасы ператвараюцца ў дзеянні, у дапамогу, пасярэдніцтва, падтрымку, іх нельга ігнараваць: палітыкі і ўрады не могуць рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Так умацоўваецца праца дыпламатыі, становяцца канкрэтнай рэчаіснасцю шляхі дапамогі і нараджаецца сапраўднае чалавецтва, для якога мір – не толькі слова, але і факт.