Сустрэча ў Ватыкане: прыярытэт – лёс украінскіх дзяцей
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
10 ліпеня 2025 года ў Ватыкане адбылася сустрэча віцэ-старшыні Вярхоўнай рады Украіны Алены Кандрацюк з сакратаром па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам. Галоўнымі тэмамі размовы сталі вяртанне ўкраінскіх дзяцей з Расіі і рост насілля супраць цывільнага насельніцтва і рэлігійных супольнасцей.
Асабліва цэнім клопат Папы Льва XIV пра дзяцей, закранутых вайной
Кандрацюк падзякавала Святому Пасаду за дыпламатычную і маральную падтрымку Украіны. Асаблівая падзяка прагучала ў адрас Льва XIV за сустрэчу з украінскімі дзецьмі, якім Каталіцкі Касцёл дапамог арганізаваць адпачынак у Італіі. Больш за 500 украінскіх дзяцей, у тым ліку вернутых з Расіі, змаглі правесці канікулы ў Італіі і наведаць Ватыкан.
Падчас сустрэчы было закранута таксама пытанне злачынстваў супраць духавенства і касцёлаў. Ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі загінула 63 духоўныя асобы розных веравызнанняў, знішчана або пашкоджана больш за 600 сакральных аб'ектаў.
Усе выкрадзеныя дзеці павінны быць вернуты да заключэння любых мірных пагадненняў
Асаблівую ўвагу ўдзельнікі сустрэчы надалі пытанню індактрынацыі і мілітарызацыі выкрадзеных украінскіх дзяцей. Віцэ-старшыня Рады падкрэсліла, што вяртанне дзяцей павінна адбыцца яшчэ да заключэння любых мірных пагадненняў.
Арцыбіскуп Галахер запэўніў, што Святы Пасад працягне гуманітарную місію і пасрэдніцкія намаганні дзеля вяртання ўкраінскіх дзяцей, у прыватнасці праз дзейнасць групы кардынала Матэа Дзупі, якая ўдзельнічае ў ініцыятыве “Bring Kids Back UA”.
Днём раней, 9 ліпеня 2025 года, адбылася сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з Папам Львом XIV, на якой Святы Айцец выказаў падтрымку намаганням па вызваленні ваеннапалонных і пошуку мірнага вырашэння канфлікту.