Галахер: Папа верыць у шматбаковасць як шлях да справядлівасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
У рамках свайго афіцыйнага візіту ў Мексіку Сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі прыняў удзел у Папскім дні, які 25 ліпеня 2025 года адзначылі ў апостальскай нунцыятуры ў прысутнасці дыпкорпуса і прадстаўнікоў рэлігійных і свецкіх арганізацый.
У сваёй прамове арцыбіскуп Галахер нагадаў пра доўгі шлях веры мексіканскага народа, падкрэсліўшы асаблівую ролю Маці Божай Гвадэлупскай, заступніцы краіны, якая працягвае ўяўляць сабой "мост паміж народамі" і "самы магутны сімвал адзінства Касцёла і мексіканскага народа".
Іерарх адзначыў, што Касцёл прысутнічае ў мексіканскіх школах, шпіталях, сельскай мясцовасці і не перыферыях, каб пацвердзіць, што "кожны чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае". Ён таксама звярнуў увагу на пастаянную прыхільнасць Святога Пасада супрацоўніцтву з народам і мясцовым урадам "на аснове ўзаемнай павагі, агульных каштоўнасцяў і агульнага імкнення да міру і цэласнага чалавечага развіцця". Дыпламатычныя адносіны, адноўленыя ў 1992 годзе, паступова ўмацоўваліся, становячыся "больш празрыстымі і плённымі".
Ад імя Льва XIV арцыбіскуп Галахер пацвердзіў гатоўнасць Касцёла "ісці разам" з найбольш уразлівымі: беднымі, мігрантамі, карэннымі народамі, ахвярамі гвалту і ўсімі, хто жыве на абочыне грамадства. Мексіка добра ведае "маўклівыя раны чалавецтва": беднасць, гвалт, экалагічнае спусташэнне і крызіс праўды ў публічным дыскурсе. Раны, якія выяўляюцца ў арганізаванай злачыннасці, карупцыі, эканамічнай няроўнасці. Ён адзначыў, што Касцёл прысутнічае ў Мексіцы не каб дамінаваць, а каб служыць, “не для навязвання, а для суправаджэння".
Паводле дыпламата, Леў XIV глыбока верыць у шматбаковасць не як у абстрактную бюракратыю, а як у інструмент, які гарантуе, што ніводная нацыя, ніводны народ, ніводны крык бедных не будзе праігнараваны". Калі мы слухаем тых, хто пакутуе, мы пачынаем бачыць у іх аблічча Хрыста. І толькі тады палітыка перастане быць "праявай улады" і стане сапраўдным "актам справядлівасці".
"Давайце ўспомнім, што палітыка і дыпламатыя ў іх самым высакародным выразе з'яўляюцца актамі любові да тых, каму мы служым. І давайце не будзем забываць, што ў кожным дзіцяці, у кожным мігранце, у кожнай ахвяры гвалту мы знаходзім не статыстыку, а брата або сястру", - заклікаў напрыканцы прамовы арцыбіскуп Галахер.