MAP

Пілігрымы Юілейнага 2025 года Пілігрымы Юілейнага 2025 года  (ANSA)

Фізікела пра Юбілейны год: малітва мільёнаў змяняе свет

Пра-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі падкрэслівае значэнне сустрэч з моладдзю і катэхетамі ў Юбілейным годзе і адзначае веліч сведчання веры 11 мільёнаў пілігрымаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Рына Фізікела заўважае, што сярод найбольш чаканых юбілейных сустрэч найбліжэйшага паўгоддзя – тыя, у якіх спачатку прымуць удзел маладыя людзі, а потым катэхеты. Ён таксама звяртае ўвагу на велізарнае сведчанне веры, якое ўжо далі 11 мільёнаў пілігрымаў, якія праходзяць праз Рым, несучы юбілейны крыж і молячыся на шляху да Святой Брамы.

Малітва пілігрымаў у сэрцы Рыма становіцца крыніцай евангелізацыі

У размове з парталам іерарх падсумоўвае першую палову бягучага Святога Года і гаворыць пра найважнейшыя, на яго думку, падзеі, звязаныя з ім, якія чакаюць Касцёл у бліжэйшыя месяцы.

На пытанне пра асабістыя ўражанні, звязаныя з Юбілейным годам, арцыбіскуп Фізікела падкрэслівае значэнне сведчання, што даюць вернікі з усяго свету, якія кожны дзень адпраўляюцца ў малітоўнай працэсіі да Святой Брамы ў ватыканскай базіліцы, несучы копію крыжа Святога года. Да гэтага часу такіх паломнікаў налічваецца ўжо 11 мільёнаў, а іх малітва ў сэрцы Рыма стала "крыніцай евангелізацыі і прычынай задумацца перш за ўсё над сэнсам жыцця".

Юбілей Моладзі закране сутнасць жыцця Касцёла

Кажучы пра найбольш чаканыя падзеі Святога года, арцыбіскуп Фізікела называе перш за ўсё Юбілей Моладзі, які адначасова ўшануе юбілейную сустрэчу маладых людзей са святым Янам Паўлам II 25 гадоў таму, падчас Сусветных дзён моладзі. "Гэта будзе падзея, якая закране сутнасць жыцця Касцёла, дзякуючы энтузіязму, які маладыя людзі адчуюць разам", - кажа ён.

Наступнай важнай падзеяй, асабліва для ўмацавання веры маладых людзей, будзе кананізацыя бласлаўлёных П'ера Джорджа Фрасаці і Карла Акуціса 7 верасня 2025 года. "Не трэба забываць, што ва ўсіх Юбілеях мінулага стагоддзя заўсёды былі сімвалічныя кананізацыі", - кажа ён, нагадваючы пра далучэнне да ліку святых Марыі Гарэці, сястры Фаўстыны Кавальскай ці Маці Тэрэзы з Калькуты, менавіта падчас святкавання Юбілеяў.

Арцыбіскуп Фізікела падкрэслівае, што важнай сустрэчай будзе таксама Юбілей Катэхетаў, запланаваны на 26-28 верасня 2025 года. "Катэхеза па-ранейшаму з'яўляецца ключавым момантам перадачы веры ў нашых каталіцкіх супольнасцях", - кажа ён.

На пытанне пра тое, якім будзе Касцёл пасля заканчэння Святога года, іерарх выказаў меркаванне, што надыдзе перыяд глыбокага разважання над месцам хрысціянскай надзеі ў сучасным свеце.
 

16 ліпеня 2025, 10:28