"Nihil obstat" для марыйнага культу на гары Звір у Славакіі
Vatican News
Дыкастэрыя працягвае сваю працу ў рэчышчы новых норм, апублікаваных летась. Яна дала дазвол ("nihil obstat"), ацаніўшы духоўныя плёны, звязаныя з меркаванымі марыйнымі аб'яўленнямі, якія адбываліся паміж 1990 і 1995 гадамі ў Літманове, на гары Звір, у Славакіі.
Ліст кардынала-прэфекта Віктара Мануэля Фернандэса адрасаваны архіепіскапу Прэшава для католікаў візантыйскага абраду Ёнашу Ёзэфу Максіму.
"Дазвольце Езусу вызваліць вас..."
Задавальняючы просьбу іерарха, які спасылаецца на шматлікія выпадкі "шчырай і глыбокай споведзі" і навяртання, і ацэньвае "шмат духоўных плёнаў, атрыманых пілігрымамі, якія не перастаюць наведваць гэтае месца" нягледзячы на тое, што меркаваныя аб’яўленні скончыліся трыццаць гадоў таму, Дыкастэрыя прааналізавала звязаныя з імі пасланні і выявіла ў іх "каштоўныя заклікі да навяртання".
У пасланнях гучаць словы: "Дазвольце Езусу вызваліць вас... І не дазваляйце вашаму Ворагу абмяжоўваць вашу свабоду, за якую Езус праліў столькі крыві".
"Я люблю вас такімі, якія вы ёсць..."
Паводле дакумента, Маці Божая ў гэтых пасланнях прадстаўляецца як "шчаслівая" і заахвочвае людзей знайсці сапраўдны шлях шчасця ў прызнанні таго, што Бог любіць нас безумоўна: "Я люблю вас такімі, якія вы ёсць... Я хачу, каб вы былі шчаслівымі, але гэты свет не зробіць вас шчаслівымі".
Дыкастэрыя таксама адзначае, што пасланні з Літмановы падбадзёрваюць людзей, паказваючы, што шлях Евангелля не складаны: "Ён хоча, каб вы былі ўсё больш і больш простымі". Знаходзячы радасць і спакой у Пану, чалавек становіцца здольным сведчыць і распаўсюджваць спакой.
"Nihil obstat не азначае прызнання звышнатуральнасці аб'яўленняў"
У лісце кардынал Фернандэс прызнае, што абмежаваная колькасць пасланняў змяшчае фрагменты з "некаторай двухсэнсоўнасцю і недастаткова яснымі аспектамі", але, улічваючы ўжо сцверджанае Дактрынальнай камісіяй па гэтай справе ў дакладзе 2011 года, лічыцца, што яны абумоўлены ўнутранай інтэрпрэтацыяй меркаваных візіянераў.
Дыкастэрыя падкрэслівае, што "nihil obstat" не азначае прызнання звышнатуральнай аўтэнтычнасці меркаваных аб'яўленняў, але "тым не менш дазваляе зацвердзіць публічны культ і паведаміць вернікам, што, калі яны жадаюць, могуць без рызыкі далучыцца да гэтай духоўнай прапановы".
"Беззаганная Чысціня" – так прадставілася Дзева Марыя дзецям у Літманове
Меркаваныя аб'яўленні пачаліся 5 жніўня 1990 года за тры кіламетры ад Літмановай, маленькай вёскі з традыцыяй каталіцкага візантыйскага абраду ў гарах на поўначы Славакіі. Сведкамі гэтых аб'яўленняў сталі трое дзяцей: 11-гадовая Іветка Карчакова, 12-гадовая Катка Чэселкова і 9-гадовы Мітка Чэселка. Паводле іх сведчанняў, Дзева Марыя прадставілася з тытулам Беззаганная Чысціня.