MAP

Смог над горадам. Ілюстрацыйнае фота Смог над горадам. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Епіскапаты трох кантынентаў супраць кліматычнага крызісу

У Ватыкане прадставілі гістарычны дакумент, падпісаны епіскапатамі Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі, у гучыць заклік да экалагічнага навяртання і супраціву ілжывым рашэнням кліматычнага крызісу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

1 ліпеня 2025 года ў Ватыкане адбылася прэзентацыя дакумента з выразнай назвай "Заклік да кліматычнай справядлівасці і агульнага дома: экалагічнае навяртанне, пераўтварэнне і супраціў ілжывым рашэнням". За гэтым зваротам, падрыхтаваным напярэдадні лістападаўскай кліматычнай канферэнцыі COP30 у Бразіліі, стаяць тры найбуйнейшыя біскупскія аб'яднанні паўднёвых кантынентаў – галасы, якія прадстаўляюць рэгіёны, што найбольш пакутуюць ад змен клімату.

Без кліматычнай справядлівасці няма міру, без экалагічнага навяртання няма будучыні

"Кліматычны крызіс – гэта неадкладная рэальнасць", - сцвярджаюць каталіцкія іерархі, спасылаючыся на трывожныя даныя: глабальнае пацяпленне дасягнула 1,55 градуса цэльсія у 2024 годзе, што навукоўцы называюць беспрэцэдэнтным у гісторыі чалавечай цывілізацыі. Аўтары дакумента падкрэсліваюць, што гэта не проста тэхнічная праблема, а пытанне справядлівасці, годнасці і клопату пра наш агульны дом.

Краіны, якія найменш спрычыніліся да праблемы, сутыкаюцца з найгоршымі наступствамі

Біскупы з болем гавораць пра тое, як кліматычны крызіс паглыбляе няроўнасць: краіны Глабальнага Поўдня, якія найменш спрычыніліся да выкідаў парніковых газаў, сутыкаюцца з найгоршымі наступствамі – ад разбуральных засух да вымушанай міграцыі. Апустыньванне ўжо закранула паўмільярда чалавек, пераважна ў самых бедных рэгіёнах свету.

У тэксце гучыць рашучае "не" так званым рашэнням, якія, на думку аўтараў, толькі павялічваюць праблему. "Зялёны капіталізм", ператварэнне прыроды ў прадмет гандлю і разбуральная здабыча сыравіны для так званых экалагічных тэхналогій – усё гэта, сцвярджаюць іерархі, працягвае логіку эксплуатацыі і ахвяруе цэлымі супольнасцямі і экасістэмамі дзеля прыбытку.

Мы патрабуем, каб багатыя краіны прызналі і выплацілі свой экалагічны доўг

Замест гэтага аўтары дакумента заклікаюць да справядлівасці: багатыя краіны павінны прызнаць свой экалагічны доўг, выдзеліць дастатковыя сродкі на барацьбу з кліматычнымі зменамі ў бедных краінах і спыніць залежнасць ад выкапнёвага паліва.

Яны асабліва падкрэсліваюць неабходнасць абароны карэнных народаў, якія часта знаходзяцца на перадавой лініі абароны біяразнастайнасці, а таксама ўлічваць асаблівую ўразлівасць жанчын і дзяўчат перад кліматычнымі зменамі.

Касцёл не будзе маўчаць

"Касцёл не будзе маўчаць", - заяўляюць аўтары. Для ажыццяўлення гэтага абяцання яны абвяшчаюць стварэнне Касцельнага цэнтра па кантролі за выкананнем кліматычных абавязацельстваў. Аўтары таксама абавязваюцца выхоўваць вернікаў у духу інтэгральнай экалогіі і прасоўваць эканоміку, заснаваную на салідарнасці і "шчаслівай памяркоўнасці", якую прапанаваў Папа Францішак.

Дакумент завяршаецца зваротам да надзеі і заклікам да гістарычнай кааліцыі паміж Глабальным Поўднем і аднадумцамі з Поўначы. "Мы не проста сведкі болю, але насенне новай будучыні", - пішуць біскупы, прызываючы да адзінства, смеласці і пяшчоты, неабходных для ўвасаблення Божага Валадарства на параненай Зямлі.

Гэты зварот, плод калектыўнага разважання Касцёлаў трох кантынентаў, падпісаны кардыналам Хайме Шпэнглерам (CELAM, Лацінская Амерыка), кардыналам Філіпэ Нэры Фэранам (FABC, Азія) і кардыналам Фрыдалінам Амбонга Бесунгу (SECAM, Афрыка).
 

01 ліпеня 2025, 11:29